Параўноўваем, што пра гэтую дату сказалі Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка.
Ціханоўская: «Прыйдзе дзень, калі мы зможам назваць Беларусь сапраўды незалежнай»
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі. Яна нагадала, што незалежнасць пачынаецца са свабоды і права самім вырашаць лёс сваёй краіны, і падкрэсьліла, што дата 3 ліпеня, калі ўшаноўваюцца тыя, хто аддаў жыцьцё за Беларусь, павінна заставацца ў памяці, бо нагадвае, якой страшнай цаной даюцца мір, бясьпека і права народу жыць на сваёй зямлі.
«Таму сёньня асабліва важна задумацца: якой мы хочам бачыць Беларусь? Для мяне гэта краіна, дзе чалавек не баіцца сказаць, што думае. Бацькі не чакаюць гадамі дзяцей з турмаў. Дзе можна спакойна гадаваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове і плянаваць будучыню, ня думаючы, што тваю зямлю выкарыстаюць у чужой вайне. Дзе людзі ня вымушаныя зьяжджаць і потым баяцца вярнуцца дадому. Дзе ня трэба выказваць сваю думку за зачыненымі дзьвярыма», — заявіла Ціханоўская.
Яна дадала, што сёньня многія беларусы кожны дзень адчуваюць боль ад разлукі, стому ад чаканьня, трывогу за родных:
«І да таго ж на нашай тэрыторыі разьмяшчаюць расейскую зброю і вайсковую інфраструктуру. Беларускія аэрадромы, дарогі і прадпрыемствы выкарыстоўваюцца ў інтарэсах Расеі. Кожны такі аб’ект робіць Беларусь менш бясьпечнай — ставіць пад пагрозу і людзей у краіне, і нашых суседзяў», — адзначыла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што беларусы не падтрымліваюць гэтую вайну і ніколі не давалі згоды на тое, каб нашая зямля выкарыстоўвалася для нападаў на Ўкраіну.
«Адказнасьць за гэта нясуць рэжым Лукашэнкі і Расея», — сказала яна.
Незалежнасьць пачынаецца з простых рэчаў: магчымасьці жыць дома і выхоўваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладуСьвятлана Ціханоўская
«Незалежнасьць пачынаецца з простых рэчаў: магчымасьці жыць дома і выхоўваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу і ведаць, што ніхто не распараджаецца тваёй краінай замест цябе. Менавіта такой Беларусь і павінна быць: без бясконцых рэпрэсіяў, без расейскай вайсковай прысутнасьці і саўдзелу ў вайне. Беларусь, якая зьяўляецца бясьпечным домам для свайго народа і самастойна вызначае сваю будучыню».
«Я ведаю, што прыйдзе дзень, калі мы зможам назваць нашую краіну сапраўды незалежнай і свабоднай, прыйдзе неўзабаве. А слова „вызваленьне“ застанецца ў нашай памяці пра мінулае, а ня будзе сучаснай патрэбай», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Лукашэнка: «Дзень напоўнены шчырай любоўю да Радзімы»
Аляксандар Лукашэнка назваў Дзень незалежнасьці сьвятам, напоўненым шчырай любоўю да радзімы, гонарам за яе гісторыю і дасягненьні.
Сёньня сувэрэнная краіна з удзячнасьцю згадвае тых, чый ратны і працоўны подзьвіг абараніў права і магчымасьць беларусаў жыць і гадаваць дзяцей на роднай зямліАляксандар Лукашэнка
«Дзень вызваленьня беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — 3 ліпеня 1944 году — для нашага народу стаў сымбалем мужнасьці, свабоды і патрыятызму. Сёньня сувэрэнная краіна з удзячнасьцю згадвае тых, чый ратны і працоўны подзьвіг абараніў права і магчымасьць беларусаў жыць і гадаваць дзяцей на роднай зямлі, упэўнена глядзець у заўтрашні дзень», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, кожны беларус адчувае «асаблівае пачуцьцё адказнасьці перад памяцьцю продкаў за разьвіцьцё і лёс Айчыны, што ўвасабляецца ў канкрэтных справах і зьдзяйсьненьнях, імкненьні зрабіць агульны дом утульным і бясьпечным».
«Менавіта гэтыя вечныя каштоўнасьці аб’ядноўваюць, дапамагаюць нам разам ісьці наперад, зьяўляюцца залогам посьпеху і працьвітаньня краіны», — заявіў Лукашэнка.
Чаму гэта важна
24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, які істотна пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта. На рэфэрэндуме таксама прагаласавалі за перанос Дня Незалежнасьці на Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, супраць куплі й продажу зямлі й супраць скасаваньня сьмяротнае кары.
Калі прэзыдэнцкая ўлада рыхтавала рэфэрэндум, парлямэнт выступіў з ініцыятывай абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку. Канстытуцыйны суд мусіў правесьці паседжаньне на гэтую тэму за два дні да рэфэрэндуму, але яно так і не адбылося — увечары 21 лістапада 1996 году ў Беларусь прыехаў прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін, кіраўнікі абедзьвюх палатаў расейскага парлямэнту Ягор Строеў і Генадзь Селязнёў, пры пасярэдніцтве якіх бакі дамовіліся аб спыненьні справы аб імпічмэнце пры ўмове, што вынікі рэфэрэндуму будуць неабавязковымі. Аднак Лукашэнка парушыў гэтую дамоўленасьць і легітымізаваў іх у Канстытуцыі і законах.
Вынікі рэфэрэндуму 1996 году адразу прызнала Расея, але іх так і не прызналі ў краінах Эўразьвязу, ЗША і большасьці краінаў дэмакратычнага сьвету, а дэмакратычная апазыцыя назвала гэты рэфэрэндум супярэчным закону і канстытуцыйным пераваротам. Шмат хто ў беларускім грамадзтве лічыць, што вынікі рэфэрэндуму былі сфальшаваныя ўладамі.
Форум