Як адзначаецца ў паведамленьні, захады пачнуцца а 9-й раніцы і завершацца сьвяточнымі фаервэркамі позна ўвечары 3 ліпеня.
Каля мэмарыялу «Курган Славы» і гістарычна-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» арганізоўваюць дадатковую пляцоўку для паркаваньня аўтамабіляў уздоўж дарогі Р-53.
Удзельнікам масавых акцыяў давядзецца прайсьці праз асабісты дагляд, таму міліцыянты раяць браць з сабой мінімум рэчаў.
Сярод забароненых рэчаў:
- алькагольныя напоі,
- безалькагольныя напоі ёмістасьцю больш за адзін літар ці ў шкляной тары,
- усе віды зброі і калючыя або сякучыя прадметы,
- газавыя балёнчыкі,
- спэцыяльна зробленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстаньне якіх можа несьці пагрозу жыцьцю і здароўю людзей.
Апроч таго, катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы ў месцах сьвяткаваньня.
Міліцыянты таксама заклікалі бацькоў пільна глядзець за сваімі дзецьмі і нагадалі, што дзеці да 16 гадоў могуць знаходзіцца на вуліцы пасьля 23:00 толькі ў суправаджэньні дарослых.
У міліцыі нагадалі аб забароне знаходзіцца на сьвяткаваньнях у нецьвярозым стане, а таксама заклікалі паведамляць аб безгаспадарчых прадметах.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Улады кожны год уводзяць адмысловы ўзмоцнены рэжым аховы грамадзкага парадку ў сьвяточныя дні, у час масавых захадаў і на выбарах.
У 2008 годзе 3 ліпеня адбыўся выбух самаробнай прылады каля стэлы «Менск — горад-герой» падчас сьвяточнага канцэрту. Тады пацярпелі амаль 50 чалавек.
У 2019 годзе падчас сьвяточнага салюту 3 ліпеня адбылася дэтанацыя і разрыў салютных установак з магутнымі выбуховымі хвалямі. Загінула адна жанчына, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненьні.
Да рэфэрэндуму 1996 году Дзень Незалежнасьці адзначалі 27 ліпеня. У выніку рэфэрэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам, яго перанесьлі на 3 ліпеня, калі адзначаецца дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Форум