Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк пачаў устанаўліваць курсы сямі новых валютаў да беларускага рубля

Аманскія рыялы
Аманскія рыялы

З 30 чэрвеня ў Беларусі пашыраюць пералік замежных валют, у адносінах якіх будуць штомесяц устанаўліваць афіцыйныя курсы беларускага рубля.

Пра навацыі паведамілі ў Нацбанку.

У пералік дадалі сем новых валют:

  • бахрэйнскі дынар (BHD);
  • намібійскі даляр (NAD);
  • залатую кордабу (Нікарагуа, NIO);
  • м’янманскі к’ят (MMK);
  • маўрыкійскую рупію (MUR);
  • аманскі рыял (OMR);
  • бэнгальскую таку (BDT).

Як заявілі ў Нацыянальным банку, гэта «будзе садзейнічаць разьвіцьцю міжнароднай фінансавай супрацы».

Што гэта значыць?

Такое рашэньне, праўдападобна, зьвязанае з пашырэньнем замежнага гандлю Беларусі з гэтымі краінамі. Прадстаўнікі Беларусі актыўна вядуць працу на гэтым кірунку.

Аманскі рыял — трэцяя па сіле валюта ў сьвеце.

Шэраг экспэртаў, да якіх раней зьвярталася Свабода, пацьвярджаюць, што беларусы ва ўмовах нестабільнасьці ўласнай валюты працягваюць абапірацца ў падліках на амэрыканскі даляр. Пры гэтым сёлета беларускі рубель у адносінах да даляру ЗША ўмацаваўся. Калі на пачатку году за 1 даляр прасілі каля 3 беларускіх рублёў, дык цяпер, у чэрвені 2026 году курс складае прыкладна 2,77 рубля.

На курсы валют, а ў прыватнасьці амэрыканскага даляра, паўплываў крызіс на Блізкім Усходзе, а ў першую чаргу энэргетычны.

Пры гэтым ёсьць яшчэ адна прычына, чаму ўмацаваньне беларускага рубля да даляру ЗША нельга адназначна называць паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Інфляцыя за студзень–красавік 2026 году ў краіне склала 2,5%, што пераважна ўпісваецца ў прагнозны паказьнік Эўразійскага банку ў 7% гадавой інфляцыі.

Вялікай праблемай беларускай эканомікі застаецца высокая доля стратных прадпрыемстваў. Па стане на студзень—красавік 2026 году, 24,9% беларускіх кампаній працавалі сабе на страту. Гэта значыць выдаткоўвалі на дзейнасьць больш, чым зараблялі.

Гэтыя лічбы — антырэкорд як мінімум за апошнія сем гадоў. Год таму стратных фірмаў было заўважна менш — 20%.

Пасьля ўведзеных за апошнія гады санкцый рэжым Лукашэнкі быў вымушаны зьмясьціць свае акцэнты з Эўропы яшчэ больш у бок Расеі, а таксама краінаў Азіі і Афрыкі. Сярод новых валютаў і адна з Цэнтральнай Амэрыкі, бо зь Нікарагуа прадстаўнікі Беларусі таксама раней вялі перамовы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG