Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 10 гадоў з дня апошняй дэнамінацыі ў Беларусі

Беларускія грошы, 2008 год
Беларускія грошы, 2008 год

Падзеі 1 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

457 гадоў таму, 1 ліпеня 1569 году, дэпутаты ад Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку ад беларускіх земляў, на агульным сойме ў Любліне падпісалі акт Люблінскай уніі паміж дзяржавамі.

Люблінская унія, карціна Яна Матэйкі
Люблінская унія, карціна Яна Матэйкі

Таксама ў гэты дзень

1812 — Напалеон абвясьціў узнаўленьне Вялікага Княства Літоўскага і стварыў часовы ўрад ВКЛ.

1858 — упершыню агучаная тэорыя эвалюцыі Чарльза Дарвіна.

1863 — пачалася бітва пры Гетысбэргу, адна з вызначальных бітваў Грамадзянскай вайны ў ЗША, у якой войскі Поўначы нанесьлі паразу войскам Поўдня.

Грамадзянская вайна ў ЗША
Грамадзянская вайна ў ЗША

1867 — на мапе зьявілася Канада як самакіраваная краіна ў складзе Брытанскай імпэрыі. У гэты дзень некалькі брытанскіх калёніяў у Паўночнай Амэрыцы аб’ядналіся ў Дамініён Канада. Поўную незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі краіна паступова атрымлівала пазьней.

1 ліпеня — Дзень Канады, галоўнае сьвята краіны і выходны дзень
1 ліпеня — Дзень Канады, галоўнае сьвята краіны і выходны дзень

1921 — зацьверджаны статут Таварыства беларускай школы, створанага ў Вільні.

1926 — у Пінску адкрыўся для наведнікаў Палескі музэй, сёньняшні Музэй беларускага Палесься.

1942 — у Менску адбываецца пахаваньне памерлай Бянігны Луцэвіч, маці Янкі Купалы, на Вайсковых могілках яе магілу асьвяціў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. У той самы дзень у Маскве хаваюць загінулага Янку Купалу.

1944 — у Брэтан-Вудс пачалася канфэрэнцыя саюзьнікаў, якая зацьвердзіла пляны стварэньня Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку.

1966 — Францыя перастала падпарадкоўвацца агульнаму камандаваньню NATO, але сам альянс не пакінула. Вярнулася ў агульнае вайсковае камандаваньне NATO ў 2009 годзе.

1974 — прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан наведаў Беларусь.

Рычард Ніксан у Менску
Рычард Ніксан у Менску

1989 — у Кіеве створаны Народны Рух Украіны.

1991 — у Празе падпісаны пратакол аб афіцыйным спыненьні існаваньня Арганізацыі Варшаўскай дамовы

1997 — Ганконг афіцыйна стаў часткаю Кітайскай Народнай Рэспублікі.

2013 — Харватыя ўступіла ў Эўрапейскі Зьвяз.

Падчас цырымоніі далучэньня Харватыі да Эўразьвязу харвацкі сьцяг уносяць у Эўрапарлямэнт, 1 ліпеня 2013 году
Падчас цырымоніі далучэньня Харватыі да Эўразьвязу харвацкі сьцяг уносяць у Эўрапарлямэнт, 1 ліпеня 2013 году

2016 — грашовая дэнамінацыя ў Беларусі. За 10 000 старых беларускіх рублёў давалі 1 новы. Упершыню за ўсю гісторыю беларускага рубля ў зварот увялі манэты. Да таго Беларусь была адной з нешматлікіх краін у сьвеце, дзе выпускалі толькі памятныя манэты, фактычна не ўжываныя ў абарачэньні.

У гэты дзень нарадзіліся

1506 — Людвік II Ягайлавіч, вугорскі і чэскі кароль з дынастыі Ягайлавічаў.

1593 — Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, які пасьля Лява Сапегі 33 гады займаў пасаду вялікага канцлера ВКЛ. Моцна пільнаваўся закону, за што атрымаў мянушку Абаронца Правоў. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіюм, аўтар „Дзёньніку“.

1646 — Готфрыд Вільгельм Ляйбніц, нямецкі філёзаф і матэматык.

1780 — Карл Кляўзэвіц, нямецкі генэрал і ваенны тэарэтык.

1804 — Жорж Санд, француская пісьменьніца.

1828 — Іпаліт Гараўскі, жывапісец, аўтар карціны „Каля крыжа. Сьмерць паўстанца. 1863“, якую можна пабачыць у Мастацкім музэі ў Менску.

Іпаліт Гараўскі. «Каля крыжа. Сьмерць паўстанца»
Іпаліт Гараўскі. «Каля крыжа. Сьмерць паўстанца»

1904 — Генрых Глябовіч, беларускі ксёндз, прафэсар тэалёгіі ўнівэрсытэту Стэфана Баторага ў Вільні. 3 траўня 1941 году склаў акт адданьня Богу свайго жыцьця як ахвяру за ратаваньне веры ў моладзі. За душпастырскае служэньне на Беларусі быў расстраляны гестапа ў Барысаве.

1927 — Зора Кіпель, літаратуразнаўца, перакладніца, грамадзкая дзяячка паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі й ЗША, жонка Вітаўта Кіпеля.

Зора Кіпель
Зора Кіпель

У памяці

1938 — у Алтайскім краі органамі НКВД расстраляны Іван Цьвікевіч, мэдык, грамадзкі й навуковы дзяяч, публіцыст, ахвяра сталінізму.

2000 — Рыгор Клімовіч, вязень ГУЛАГу, адзін з кіраўнікоў Нарыльскага паўстаньня палітзьняволеных 1953 году, мэмуарыст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG