Паводле зьвестак на студзень — красавік 2026 году, 24,9% беларускіх кампаній працавалі сабе на страту. Гэта значыць выдаткоўвалі на дзейнасьць больш, чым зараблялі.
Гэтыя лічбы — антырэкорд як мінімум за апошнія сем гадоў. Год таму стратных фірмаў было заўважна менш — 20%.
Найгорш сытуацыя выглядае ў Менску, дзе ў мінус працуе амаль 30% фірмаў. А найменш вострая праблема ў Віцебскай вобласьці. Там стратныя крыху больш за 19% арганізацый, хаця й гэты паказьнік уважаецца за даволі высокі.
Раней Аляксандар Турчын, як прыгадвае выданьне «Люстэрка», гаварыў, што вынікі працы ў першыя пяць месяцаў году даюць падставы для асьцярожнага аптымізму.
Што гэта значыць?
Гэта значыць, што палітыка рэжыму Лукашэнкі, які дзесяцігодзьдзямі падтрымлівае стратныя, нерэнтабэльныя прадпрыемствы не прыносіць плёну. Улады, каб захаваць працоўныя месцы і марку заводу, нярэдка ідуць на стварэньне аб’яднаньняў, куды ўключаюць стратныя заводы. Нярэдка да пасьпяховага прадпрыемства, што працуе ў плюс далучаюць стартнае прадпрыемства, і часта пасьля гэтага рэнтабэльная кампанія таксама пачынае быць стратнай.
Сам Турчын сёлета ў красавіку падпісаў распараджэньне, згодна зь якім дзяржава павялічвае сваю долю ў статутных фондах пяці прадпрыемстваў, якія атрымлівалі дзяржаўную падтрымку ў 2025 годзе, на суму гэтай падтрымкі.
З пастановы, апублікаванай на праўным рэсурсе Pravo.by, вынікала, што «Беларускі цэмэнтны завод» атрымаў ў 2025 годзе дзяржаўнай падтрымкі на 2,5 мільёна рублёў, «Гомельшкло» — на 6,9 млн, «Івацэвічыдрэў» — на 6,3 млн, «Крычаўцэменташыфэр» — на 9 млн, «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» — на 7,5 млн.
Прадпрыемствы вырабу цэмэнту, як і дрэваапрацоўчае прадпрыемства, ня здолелі працаваць з прыбыткам пасьля шырокамасштабнай рэканструкцыі з залучэньнем дзяржаўных сродкаў, таксама няўдала былі асвоеныя кітайскія інвэстыцыі пры рэканструкцыі Сьветлагорскага ЦКК — будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы. Таксама ня можа разьлічыцца з крэдытам у 146 млн ААТ «Гомельшкло».
Свабода неаднаразова пісала пра стратныя заводы і пра іхны стан нават па атрыманьні імі дзяржаўнай падтрымкі.
У канцы красавіка дзяржава яшчэ й выплаціла частку даўгоў па адсотках на крэдыт, узяты прадпрыемствам «ДорОрс». З рэспубліканскага бюджэту на рахункі кампаніі паступілі 16,5 млн. рублёў.
Прычым апошняя адкрытая інфармацыя аб дзейнасьці ААТ — 2020 год. Тады «ДорОрс» атрымаў невялікі прыбытак і нават заплаціў дывідэнды ў 2021 годзе, але вядома, што інвэстыцыйная дзейнасьць прадпрыемства тады прынесла страты.
Бухгальтарскі балянс «ДорОрс» за 2024 год, сьведчыць, што канцэрн мае доўгатэрміновых крэдытаў і пазыкаў на 28 млн.рублёў, а кароткатэрміновых — на 13 млн. рублёў.
Форум