Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачала дзейнічаць забарона на прапаганду гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці

Размова ў Беларусі пра бязьдзетнасьць цяпер можа скончыцца адміністрацыйнай адказнасьцю
Размова ў Беларусі пра бязьдзетнасьць цяпер можа скончыцца адміністрацыйнай адказнасьцю

Пасьля прыняцьця новага закону Палатай прадстаўнікоў і ўхваленьня з боку Савету рэспублікі праваабарончыя арганізацыі назвалі новыя палажэньні дакумэнту дыскрымінацыйнымі.

У Беларусі ўвайшоў у дзеяньне новы закон. Цяпер у краіне ёсьць адміністрацыйная адказнасьць за прапаганду гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях раней дапоўнілі артыкулам 19.16. У адпаведнасьці з артыкулам караецца распаўсюд у любой форме інфармацыі ў мэтах фармаваньня ў грамадзян уяўленьняў аб прывабнасьці гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці або аб прызнаньні пэдафіліі дапушчальнай. За гэта для фізычных асоб прадугледжаны штраф да 20 базавых велічыняў (на сёньня гэта 900 рублёў).

Індывідуальнага прадпрымальніка чакае спагнаньне да 100 базавых велічыняў (4500 рублёў), а юрыдычная асоба — ад 100 да 150 базавых велічынь (да 6 750 рублёў).

Калі дзеяньне пацягнула «азнаямленьне непаўналетняга з такой інфармацыяй», парушальніка аштрафуюць на яшчэ большую суму. Пры гэтым фізычную асобу ў якасьці альтэрнатывы могуць пакараць грамадзкімі працамі або адміністрацыйным арыштам.

Савет рэспублікі ўхваліў законапраект у красавіку, пазьней яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Новыя палажэньні пачалі дзейнічаць праз два месяцы, гэта значыць, у сярэдзіне чэрвеня.

У чым супярэчлівасьць закону?

У 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.

Дзеяньні ўладаў праўнікі праваабарончых арганізацый разглядалі як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў». На іх думку, забарона на «фармаваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».

Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю праваабаронцы назвалі «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».

Галоўная праблема новай нормы — паняцьце «прапаганда» ў законе ня вызначана. З тэксту закону не да канца зразумела, што менавіта будзе прапагандай такіх паводзінаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG