Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў Ізраіль устрымацца ад удараў па Лібане

Наступствы ізральскага ўдару па паўднёвым прымесьці Бэйруту, 14 чэрвеня 2026 году
Наступствы ізральскага ўдару па паўднёвым прымесьці Бэйруту, 14 чэрвеня 2026 году

Прадстаўнік Ірану на перамовах, сьпікер іранскага парлямэнту Махамад-Багер Галібаф 14 чэрвеня абвінаваціў Злучаныя Штаты ў новых ударах Ізраіля па Дахіі, прымесьці Бэйруту.

«Ізраільскі напад на Дахію чарговы раз паказаў, што Амэрыцы не хапае ні волі выконваць свае абавязаньні, ні здольнасьці гэта рабіць. Даючы рэжыму зялёнае сьвятло, вы ня можаце атрымаць саступкі», — напісаў Галібаф на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.

Пазьней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў удар па Бэйруце, зьвярнуўшы ўвагу на блізкасьць мірнага пагадненьня з Іранам.

«Ізраіль мае права абараняць сябе ад пагрозаў, але напад, на які ён адказаў, быў вельмі нязначным і бессэнсоўным, ніхто не пацярпеў, ня быў паранены ці забіты, і гэты важны працэс не павінен быць парушаны. Мы вельмі блізкія да пагадненьня, якое прынясе мір у рэгіён, у тым ліку ў Лібан, і ўсе бакі павінны спыніцца», — напісаў ён у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial.

Трамп заклікаў Ізраіль спыніць чарговыя ўдары па Лібане, а таксама іншыя бакі, у тым ліку «Хэзбалу», устрымацца ад нападаў на Ізраіль.

Ізраільскія ўлады раней заявілі, што атакавалі паўднёвы Лібан пасьля таго, як «Хэзбала» выпусьціла тры снарады па населеных пунктах на поўначы Ізраілю.

«Ізраіль не пацярпіць абстрэлу сваёй тэрыторыі», — заявілі прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу і міністар абароны Ісраэль Кац у заяве, апублікаванай 14 чэрвеня.

Аднаўленьне баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і «Хэзбалой» можа затрымаць падпісаньне пагадненьня паміж ЗША і Іранам, якое анансаваў прэм'ер-міністар Пакістану, які выступае пасярэнікам на перамовах, і пацьвердзіў прэзыдэнт ЗША.

«Хэзбала» — гэта баявая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўрапейскі Зьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG