Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстыцыі ў асноўны капітал у Беларусі ніжэйшыя за парог эканамічнай бясьпекі, — эканамістка Нацыянальнай акадэміі навук

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Доля інвэстыцый у асноўны капітал у валавым унутраным прадукце Беларусі ў 2025 годзе склала 19,5%, што на 5,5 працэнтнага пункта ніжэй за парог эканамічнай бясьпекі.

Такія лічбы дае кіраўніца Цэнтру інавацыйнай і інвэстыцыйнай палітыкі Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Прасьнякова ў артыкуле для навукова-практычнага часопіса «Финансы. Учет. Аудит» (заснавальнікі — Міністэрства фінансаў, Беларускі дзяржаўны унівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны унівэрсытэт, «Белдзяржстрах»).

Агенцтва «Позірк» цытуе артыкул, у якім тлумачыцца, што праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі прадугледжвала істотна вышэйшыя паказьнікі па выніках 2025 году. Валавы ўнутраны прадукт у супастаўных цэнах меўся быць 121,5% ад паказьніка 2020 году, аб’ём інвэстыцый у асноўны капітал — 121,6%. У рэальнасьці ж гэтыя лічбы склалі 107,3% і 110,5% адпаведна.

Як гэта тлумачыць эканамістка НАН?

На яе думку Алены Прасьняковай, «неапраўданыя надзеі тлумачацца адмоўным уплывам зьнешніх фактараў»: «Беларусь сутыкнулася з шэрагам абмежавальных мер з боку заходніх краін, якія былі закліканыя аказаць нэгатыўны ўплыў на працу арганізацый і, як вынік, запаволіць эканоміку РБ».

«Нягледзячы на санкцыі, пачынаючы з 2023 году назіралася паляпшэньне сытуацыі ў сфэры, якая аналізуецца, што да канца пяцігодкі дазволіла выйсьці на станоўчы вынік, — піша яна. — Тым ня менш, варожыя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі не прайшлі бясьсьледна».

Пры гэтым Прасьнякова не называе прычынаў, чаму заходнія краіны ўводзілі санкцыі (фальсыфікацыя вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Менску з выкарыстаньнем падману ў 2021-м, саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны з 2022 году).

Пра што гэта сьведчыць для беларускай эканомікі і чаму гэта важна?

Як піша прадстаўніца Інстытуту эканомікі НАН, лічба інвэстыцый у асноўны капітал паказвае «недастатковую арыентацыю сродкаў, якія выдзяляюцца, на нематэрыяльныя актывы і інавацыі, якія граюць важную ролю ў эканоміцы».

Паводле яе, сур’ёзныя праблемы назіраюцца ў сфэрах інфармацыі і сувязі (зьніжэньне інвэстыцый у асноўны капітал на 3,6%, што «стварае рызыкі для лічбавай трансфармацыі»), у транспартнай галіне (-1,3%^; «абмяжоўвае лягістычную канкурэнтаздольнасць») і адукацыі (-4,0%^; «пагражае разьвіцьцю чалавечага капіталу»).

Прасьнякова канстатуе, што рост інвэстыцый забясьпечваецца пераважна традыцыйнымі галінамі (прамысловасьць, АПК, нерухомасьць — 72,5% унёску), у той час як інавацыйныя сэктары (ІТ, адукацыя) «дэманструюць стагнацыю або зьніжэньне» інвэстыцый у асноўны капітал.

Гэта «паказвае неабходнасьць карэкцыі падыходаў на карысьць лічбавай эканомікі і чалавечага капіталу», піша эканамістка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG