«Я не магу сказаць, што мяне задавальняе работа вашага міністэрства. Абсалютна не. Павінен быць на зямлі парадак. Гэта найперш. У прыродзе павінен быць парадак. Але і вынік у іншых кірунках павінен быць. Я ваша міністэрства ня вельмі заўважаю, шчыра прызнаюся, але рызыкнуў першага намесьніка прызначыць міністрам, бо вы ўсё ж у тэме. Майце на ўвазе, спытаю вельмі сур’ёзна. Найважнейшае міністэрства», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал яго прэсавай службы.
Паводле прэсавай службы, 11 чэрвеня Лукашэнка ўхваліў 17 кадравых рашэньняў.
Новым дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дому «Беларусь Сегодня» стала Вольга Ануфрыева. Да яе гэтую пасаду займаў Дзьмітры Жук, якога Лукашэнка сёлета ў пачатку красавіка перамясьціў на пасаду міністра інфармацыі.
Што папярэднічала
Сёлета 12 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб недапушчэньні «неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасярэдніцтва», на якой заявіў аб затрыманьні міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі Сяргея Масьляка. Тады ж ён паведаміў, што Масьляк знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
«Яго ўзялі з доказамі злачынства. Я вас папярэджваў, што мы ж там не хапаем на вуліцы каго заўгодна. Швед (старшыня Вярхоўнага суду і колішні генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед), а цяпер Гара Дзьмітры Юр’евіч (цяперашні генэральны пракурор) гэта жорстка кантралююць. Калі трэба, — паведамяць», — заявіў тады Лукашэнка.
Прызначаны 11 чэрвеня Максім Лысенка з 1 ліпеня 2025 году быў першым намесьнікам міністра і працаваў пад кіраўніцтвам затрыманага Сяргея Масьляка.
Да працы ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольля ачольваў Дзяржынскі раённы выканкам. Да гэтага ён ачольваў Дзяржынскую раённую інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольля. Яму 42 гады.
Вольга Ануфрыева, якая ачоліла Выдавецкі дому «Беларусь Сегодня», да свайго новага прызначэньня займала пасаду дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дому «Звязда».
Форум