Паводле Раманюка, з боку Беларусі застаюцца рызыкі, таму ў Валынскай вобласьці, якая мяжуе зь Берасьцейскай, ужо абсталявалі абарончыя пазыцыі і інжынэрныя загароды на мяжы.
А цяпер зьбіраюцца над асобнымі ўчасткамі дарог нацягнуць антыдронавыя сеткі.
«Мы павінны быць максымальна гатовыя да любога разьвіцьця падзей», — сказаў Раманюк.
Чаму гэта важна
26 траўня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у Маскве заявіў, што Украіна пастаянна запускае бесьпілётнікі цераз тэрыторыю Беларусі.
Украіна назвала гэтую заяву абсурднай.
А экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны расцанілі яе як інфармацыйную падрыхтоўку да імавернага выкарыстаньня Расеяй тэрыторыі Беларусі для запуску дронаў ва Ўкраіну.
«Расея можа выкарыстаць заяўленыя выпадкі знаходжаньня ўкраінскіх бесьпілётнікаў у паветранай прасторы Беларусі, каб апраўдаць выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для нанясеньня „ўдараў у адказ“ па Ўкраіне. Беларуская тэрыторыя дазволіла б Расеі наносіць бесьперапынныя ўдары бесьпілётнікамі па ўкраінскіх наземных лініях сувязі на захадзе і паўночным захадзе Ўкраіны, якія цяпер расейскія бесьпілётнікі ня могуць лёгка паразіць з дакладнасьцю і вялікай нагрузкай», — адзначаецца ў справаздачы.
Украінскія вайскоўцы неаднаразова фіксавалі ў беларускай паветранай прасторы расейскія дроны, якія ляцяць атакаваць Украіну.
«Фактычна расейскія дроны „Шахеды“, „Герберы“ як правіла, заходзяць праз Чарнігаўскую вобласьць па ўчастку мяжы з Расеяй, — тлумачыў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. — А далей яны ідуць уздоўж мяжы, і часта, зноў жа, гэтыя дроны ляцяць менавіта над тэрыторыяй Беларусі».
Акрамя таго, паводле ўкраінскіх памежнікаў, беларускія вайскоўцы разгортваюць рэтрансьлятары, якія ўзмацняюць сыгнал для расейскіх дронаў.
Форум