Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ўпершыню прагучала на Патрыяршай літургіі ў Вільні. Ціханоўская перадалі ліст Варфаламею

Патрыярх Варфаламей
Патрыярх Варфаламей

7 чэрвеня ў Вільні дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі наведаў Боскую літургію, якую ўзначаліў Варфаламей І.

Асобным сымбалічным момантам стала тое, што, паводле ўдзельнікаў, бадай упершыню на Патрыяршай Літургіі гучала беларуская мова, што набыло асаблівае значэньне для беларускай супольнасьці ў выгнаньні.

Пасьля набажэнства Кучынскі перадаў патрыярху ліст ад беларускай дэмакратычнай лідаркі.

У сваім пасланьні Ціханоўская падзякавала Варфаламею за благаслаўленьне на стварэньне беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні і за падтрымку праваслаўных беларусаў, якія апынуліся за межамі радзімы.

«Ад імя беларусаў у Літве хачу выказаць глыбокую ўдзячнасьць за Ваш клопат пра беларускую праваслаўную супольнасьць, за падтрымку прыходу ў Вільні і за пастырскую апеку, якую Ўсяленскі патрыярхат аказвае беларусам у розных краінах сьвету», – гаворыцца ў лісьце.

Ціханоўская адзначыла, што пасьля падзеяў апошніх гадоў сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну і цяпер шукаюць ня толькі бясьпеку, але і духоўную падтрымку. На яе думку, асаблівае значэньне для беларускай дыяспары мае магчымасьць атрымліваць духоўную апеку ад Канстантынопальскага патрыярхату.

У лісьце таксама згадваецца гістарычная сувязь беларускіх земляў з Усяленскім патрыярхатам, якая сягае часоў Кіеўскай мэтраполіі ВКЛ, калі праваслаўнае жыцьцё на тэрыторыі Беларусі разьвівалася ў еднасьці з канстантынопальскай традыцыяй.

На памяць пра сустрэчу Кучынскі перадаў патрыярху Слуцкі пояс – адзін з найбольш вядомых гістарычных і культурных сымбаляў Беларусі.

Варфаламей І — гэта духоўны лідар Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы і першы па гонары сярод праваслаўных патрыярхаў у сьвеце. Ён займае пасаду Усяленскага патрыярха з 1991 года і рэзідэнцыю мае ў Стамбуле (Фанары). У праваслаўнай традыцыі Канстанцінопальскі патрыярх не кіруе ўсімі цэрквамі непасрэдна, але мае асаблівы гістарычны і сымбалічны аўтарытэт як «першы сярод роўных» сярод праваслаўных герархаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG