Людзі ў сацыяльных сетках паведамляюць аб масавых атручэньнях дзяцей ня толькі Барысаве, але і ў іншых гарадах Менскай вобласьці, заўважыў Onliner.
Бацькі расказваюць пра аналягічныя выпадкі ў сваіх дзяцей у Любані, Салігорску, пры гэтым у бацькоўскіх чатах пішуць, што атручэньне мог выклікаць малочны напой «Біфідын» беларускага вытворцы.
«Мы зьвязаліся з вытворцам названага напою і папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю. Аднак апэратыўна атрымаць зваротную сувязь не ўдалося»,— паведаміў Onliner .
Тым часам у Сьледчым камітэце журналісту Onliner пацьвердзілі: на гэты момант ідзецца аб выпадках толькі ў Менскай вобласьці.
Што папярэднічала
Увечары 2 чэрвеня ў інфэкцыйнае аддзяленьне Барысаўскага цэнтральнага раённага шпіталю даставілі 27 пацыентаў дашкольнага ўзросту з прыкметамі інфэкцыйнага захворваньня — млоснасьцю і ванітамі.
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце масавага атручэньня дзяцей.
Спэцыялісты занальнага і абласнога цэнтраў гігіены з 2 чэрвеня працуюць, каб мінімізаваць рызыку распаўсюджваньня вострых кішачных інфэкцыяў сярод насельніцтва.