«Сёньня мы ўшаноўваем вялікую краіну, якая абараніла сваю незалежнасьць і забясьпечыла сабе месца ў свабоднай Эўропе, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Беларусы таксама ведаюць, што свабода патрабуе мужнасьці і ахвяраў. Дзякуй, Харватыя, за тое, што вы падтрымліваеце нас на шляху да дэмакратыі».
Ціханоўская тройчы наведвала Харватыю. У межах першага афіцыйнага візыту ў студзені 2023 году яна сустракалася з прэм’ер-міністрам краіны, міністрам замежных справаў, сьпікерам парлямэнту; у ліпені 2025-га ўдзельнічала ў Дуброўніцкім форуме на запрашэньне кіраўніка МЗС; у красавіку 2026-га — у саміце Ініцыятывы трох мораў, на палях якога сустракалася зь лідэрамі краін рэгіёну.
Харватыя падтрымлівае створаны беларускімі дэмакратычнымі сіламі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязьням.
Аляксандар Лукашэнка 30 траўня 2026 году павіншаваў народ Харватыі, але не кіраўніцтва краіны. Такой практыкі ў дачыненьні да гэтай дзяржавы — недружалюбнай з гледзішча Менску — ён прытрымліваецца ўжо пяць гадоў запар, адзначае «Позірк».
«Упэўнены, што рух наперад па шляху канструктыўнага разьвіцьця двухбаковых сувязяў адпавядае карэнным інтарэсам народаў Беларусі і Харватыі. Перакананы, узаемадзеяньне дзелавых колаў, культурны абмен і гуманітарныя кантакты будуць пашырацца і спрыяць дасягненьню плённых вынікаў на карысьць Менску і Заграбу», — заявіў віншавальнік у сваім пасланьні.
Форум