Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гэтыя выходныя ДАІ будзе больш пільна кантраляваць раварыстаў і самакатчыкаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У выходныя дні нарады дарожна-патрульнай службы «правядуць прафіляктычныя адпрацоўкі населеных пунктаў і аўтадарог».

ДАІ таксама «узмоцняць кантроль за бясьпекай раварыстаў і карыстальнікаў сродкаў пэрсанальнай мабільнасьці», заявіў намесьнік начальніка ўпраўленьня ДПС і прафіляктыкі галоўнага ўпраўленьня ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Кірыл Касьцюк, якога цытуе Позірк.

«Нагадваем: раварысты і кіроўцы сродкаў пэрсанальнай мабільнасьці абавязаныя сьпешыцца і перасякаць праезную частку з захаваньнем патрабаваньняў для пешаходаў,... пераканаўшыся, што вас заўважылі і прапускаюць. У цёмны час сутак абазначайце сябе сьвятлоадлюстравальнымі элемэнтамі», — сказаў міліцэйскі начальнік (на падставе відэакамэнтара ў тэлеграм-канале МУС).

У цэлым, паводле слоў Касьцюка, супрацоўнікі ДАІ арыентаваныя на «спыненьне грубых парушэньняў» Правілаў дарожнага руху (ПДР), а таксама «своечасовае выяўленьне нецьвярозых і бяспраўнікаў».

«Для выяўленьня парушэньняў у аддаленым рэжыме выкарыстоўваюцца магчымасьці рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, — адзначыў ён. — Дапамогу ў адпрацоўцы найбольш аварыйных рэгіёнаў акажуць рэйдавыя групы спэцыяльнага падразьдзяленьня дарожна-патрульнай службы «Страла».

Прадстаўнік ДАІ заклікаў кіроўцаў строга выконваць хуткасныя абмежаваньні, правілы абгону і праезду пешаходных пераходаў. Пры гэтым, падкрэсьліў ён, трэба надаваць асаблівую ўвагу бясьпечнай перавозцы дзяцей і быць вельмі пільнымі ў дварах: «У дзяцей пачаліся канікулы».

  • 5 жніўня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра зьмены ў ПДР. Дакумэнт увёў хуткасныя абмежаваньні для электрасамакатаў, сегвеяў, манаколаў, якія перамяшчаюцца па роварных сьцежках, — не больш за 25 кілямэтраў на гадзіну, па тратуары — не больш за 10 км/г.
  • Змены ў ПДР падвысілі бясьпеку на дарогах і прывялі да «зьніжэньня рызыкі здарэньня аварый з удзелам ровараў і сродкаў пэрсанальнай мабільнасьці», заявіў 22 кастрычніка таго ж года начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Віктар Ротчанкаў.
  • Паводле яго слоў, у ДАІ прааналізавалі статыстыку дарожна-транспартных здарэньняў з 1 верасьня па 20 кастрычніка, параўнаўшы даныя з аналягічным пэрыядам 2024 года: «Колькасць ДТЗ з удзелам раварыстаў зьменшылася ўдвая, з удзелам асобаў, якія перамяшчаюцца на сродках пэрсанальнай мабільнасьці, зменшылася на 60%».
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG