Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына кіраўніцы Місіі беларускіх дэмсілаў ва Ўкраіне падазраюць у арганізацыі ўцёкаў прызыўнікоў за мяжу

Мікіта Шацілін
Мікіта Шацілін

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў пра тое, што дэпутат і супрацоўнік паліцыі падазраюцца ў незаконнай схеме дапамогі «ўхілянтам» пераходзіць дзяржаўную мяжу. Сярод падазраваных — сын кіраўніцы Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне.

Як высьветлілася, адзін з затрыманых — Мікіта Шацілін. Ён дэпутат гарадзкой рады мястэчка Ірпень і кіраўнік управы ў пытаньнях вэтэранскай палітыкі ў гарадзкой адміністрацыі. Ён вэтэран вайны, удзельнік баявых дзеяньняў з 2014 году, кавалер ордэну «За адвагу» ІІІ ступені. У 2022 годзе ўдзельнічаў у баях за Ірпень, Барадзянку і Макараў.

Таксама ён сын Сьвятланы Шацілінай, кіраўніцы Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне.

Затрыманьне Мікіты адбылося яшчэ 26 траўня, цяпер ён застаецца пад сьледзтвам, але выпушчаны з-пад варты. Больш за тое, ад панядзелку, 1 чэрвеня, зноў будзе выконваць свае працоўныя абавязкі, пра што сказаў у адмыслова запісаным відэа.

Даваць камэнтары пра падазрэньні супраць сябе і пра дэталі справы Шацілін ня можа, бо гэта яму на цяперашнім этапе забараняе ўкраінскі закон.

У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Свабодзе адмовіліся камэнтаваць падзеі і парэкамэндавалі зьвярнуцца ў Офіс генэральнага пракурора. Там пацьвердзілі затрыманьне Шаціліна і апублікавалі дэталі падазрэньня.

У чым падазраюць Мікіту Шаціліна?

З інфармацыі, пададзенай там, высьветлілася, што на Букавіне сілавікі выкрылі маштабную схему незаконнага перамяшчэньня мужчын празь дзяржаўную мяжу. Дзесяць удзельнікаў ператварылі ўцёкі за мяжу ў добра арганізаваны бізнэс, пра гэта паведаміў генэральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка. Сярод «кліентаў» былі ня толькі прызыўнікі, але і дзейныя вайскоўцы.

Схема працавала сыстэмна і зладжана, адзначае ён. Перасадкі па краіне, сакрэтныя маршруты, начная лягістыка, здымныя кватэры і гатэлі, GPS-навігацыя, радыёстанцыі, цеплавізары, бесьпілётнікі і выразны падзел роляў паміж удзельнікамі. Штомесяц арганізатары злачыннае схемы незаконна перавозілі за мяжу ня менш за 10 чалавек. З сьнежня летась такім чынам за мяжу вывезьлі каля 60 мужчынаў. Меркаваны прыбытак арганізатараў перавысіў 700 тысяч даляраў ЗША.

Сярод удзельнікаў схемы — дэпутат Ірпенскай гарадзкой рады і супрацоўнік паліцыі з Чарнавецкай вобласьці. Паводле сьледзтва, дэпутат перавозіў мужчын і выкарыстоўваў свой статус для мінімізацыі рызык пры праверках. Міліцыянт каардынаваў перамяшчэньне праз кантрольна-прапускныя пункты. Пазьней людзей хавалі, фармавалі ў невялікія групы і перавозілі ў Румынію па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску.

У Чарнавецкай вобласьці і Кіеве правялі 27 ператрусаў. Сканфіскавалі БПЛА, GPS-трэкер, цеплавізар, камэры відэаназіраньня, 58 мабільных тэлефонаў, 9 радыёстанцый, кампутарная тэхніка, запісы чарнавікоў, рыштунак, зброя і грошы ў розных валютах на суму больш за 2,5 мільёна грыўняў. Гэта каля 50 тысяч эўра.

Усіх удзельнікаў схемы затрымалі. Ім паведамілі пра падазрэньне на падставе фактаў незаконнага перамяшчэньня асоб празь дзяржаўную мяжу Ўкраіны і перашкодзе законнай дзейнасьці Ўзброеных Сіл Украіны ў асаблівы пэрыяд. Суд ужо абраў для падазраваных меры стрыманьня.

Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць да 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Хто такая Сьвятлана Шаціліна?

Сьвятлана Шаціліна заняла пасаду кіраўніц Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне пасьля адпаведнага прызначэньня з боку Сьвятланы Ціханоўскай у жніўні 2025 году.

Мае досьвед супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі і дэпутатамі Вярхоўнай Рады, удзельнічала ў акцыях і гуманітарных праектах, каардынавала мэдычныя місіі ў дэакупаваныя рэгіёны Ўкраіны, а апошнія гады дапамагала ў працы Місіі ў пытаньнях падтрымкі беларусаў. Таксама ўдзельнічала ў абмене ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG