Украінская ўдзельніца Roland Garros, аднаго з чатырох турніраў Вялікага шалому, на торбе для ракетак мела вайсковы шаўрон палку імя Каліноўскага.
Аднак арганізатары спаборніцтваў не дазволілі ёй публічна дэманстраваць гэты сымбаль падчас матчаў. Пра гэта паведаміла сама тэнісістка.
Аляксандра Алейнікава адзначае, што вайсковую адзнаку ёй падарылі пабрацімы ейнага бацькі, якія цяпер на фронце.
Тэнісістка на відэа паказала сваю торбу для ракетак зь дзьвюма выявамі ўкраінскага герба Трызуба, падобнымі да тых, што носяць на сваёй форме ўкраінскія вайскоўцы.
Паміж імі застаецца парожняе месца, дзе быў шаўрон беларускіх добраахвотнікаў — палку імя Кастуся Каліноўскага.
Тэнісістка кажа, што ёй фармальна забаранілі публічна дэманстраваць выяву ПКК. На відэа яна падзякавала беларусам, якія ваююць за Ўкраіну.
«Я хачу, каб вы ўсе ведалі, што гэтае месца зарэзэрваванае для гэтага патча! Ён на матчы будзе ў адмысловай кішэньцы на маёй торбе», — сказала ў відэа ўкраінка.
26 траўня Алейнікава правяла стартавы матч турніру супраць расейскай тэнісісткі Алены Прыданкінай. Украінка перамагла ў двух сэтах: 6:1 і 6:2.
Хто такая Алейнікава
25-гадовая Аляксандра Алейнікава (укр. Олександра Олійникова) — украінская прафэсійная тэнісістка, яе трэнуе ейны бацька Дзяніс.
Аляксандра займае 65-е месца ў сусьветным рэйтынгу.
Тройчы яна перамагала ў турнірах WTA 125 у адзіночным разрадзе, а таксама мела 10 тытулаў чэмпіёнкі ITF у адзіночным разрадзе і два ў парным.
Форум