Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 траўня: Сьледчы камітэт завёў яшчэ 5 завочных спраў

абноўлена
Сяргей Стрыбульскі. Архіўнае фота
Сяргей Стрыбульскі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У дачыненьні да пяці чалавек сілавікі распачалі так званую спэцвытворчасьць, хочуць судзіць завочна

Гэта 37-гадовы Мікалай Бойка, 31-гадовы Юры Макітаў, 56-гадовая былая палітзьняволеная Натальля Нікіціна, 28-гадовая Крысьціна Станкевіч, якая прадстаўляе беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, 41-гадовы Міхаіл Чупрынскі.

Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі».

Агулам улады вядуць спэцвытворчасьць супраць 175 чалавек, піша Позірк.

У Магілёве абвясьцілі вырак палітвязьню за «садзейнічаньне экстрэмізму»

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што 26 траўня ў Магілёве асудзілі 50-гадовага палітвязьня Сяргея Стрыбульскага.

Паводле праваабаронцаў, яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Суд пакараў Стрыбульскага трыма гадамі і шасьцю месяцамі пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя зьняволеньня, яму прысудзілі вялікі штраф у 550 базавых велічыняў.

«Гэта далёка ня першы выпадак ціску на актывіста: у 2017 годзе ён быў фігурантам рэзананснай „справы Белага легіёну“ і правёў у СІЗА 99 дзён, пакуль справу не закрылі», — паведамілі праваабаронцы.


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG