Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 34 гады таму ў Беларусі зьявіліся першыя нацыянальныя грошы

Беларускія грошы, уведзеныя ў траўні 1992 году
Беларускія грошы, уведзеныя ў траўні 1992 году

Падзеі 25 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Таксама ў гэты дзень

1863 — параза паўстанцаў на чале з Рамуальдам Траўгутам пад Горкамі (Кобрынскі павет).

1907 — у Вільні адбыўся зьезд настаўнікаў, на якім стварылі Беларускі настаўніцкі саюз.

1933 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар опэры і балету. Першы спэктакль — опэру Жоржа Бізэ «Кармэн» — паказалі на сцэне БДТ-1, цяперашняга Купалаўскага тэатру, бо ўласнага будынка опэрны яшчэ ня меў. У цяперашні будынак паводле праекту Іосіфа Лянгбарда тэатар пераехаў у 1939 годзе.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету. Здымак з дрона
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету. Здымак з дрона

1938 — НКВД БССР асудзіў на расстрэл Палуту Бадунову, палітыка, чальца ўраду БНР, яе забілі 29 лістапада.

1944 — у Менску ствараецца музэй Янкі Купалы.

1991 — У Менску пачаўся I Міжнародны кангрэс беларусістаў. Адбылася прэзэнтацыя першага нумару адноўленай «Нашай Нівы», які выйшаў 30 траўня.

1992 — у Беларусі ўвялі ў грашовы абарот разьліковыя квіткі Нацыянальнага банку з выявамі жывёлаў, якія ў народзе праз купюру з зайцам атрымалі назву «зайчыкі». Спачатку яны былі дадатковым плацежным сродкам і хадзілі паралельна з савецкім рублём. Толькі 19 кастрычніка 1994 году беларускі рубель быў заканадаўча абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам краіны. Беларускі рубель дэнамігавалі ў 1994, 2000 і 2016 гадах: у суме ягоны намінал зьменшыўся ў 100 мільёнаў разоў.

1996 — міліцыя разагнала людзей каля помніка Максіму Багдановічу ў дзень яго памяці. Усяго сабралася каля паўтысячы чалавек, пяцёра былі арыштаваныя.

У гэты дзень нарадзіліся

1873 — Станіслаў Жукоўскі, польскі і расейскі мастак беларускага паходжаньня.

Станіслаў Жукоўскі, «Восень над Нёманам» (1931)
Станіслаў Жукоўскі, «Восень над Нёманам» (1931)

1905 — Сяргей Хмара, беларускі пісьменьнік, журналіст, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Канадзе.

1930 — Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР. Пад ягоным старшынствам ВС прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

1937 — Мікола Купрэеў, беларускі паэт.

1938 — Уладзімер Карызна, паэт, аўтар рэдакцыі гімну.

1949 — Леанід Барткевіч, беларускі сьпявак і музыка, саліст ансамблю «Песьняры».

Леанід Барткевіч
Леанід Барткевіч

1978 — Павал Мажэйка, журналіст, культурны мэнэджар, былы палітвязень.

У памяці

1339 — Альдона, каралева польская, дачка Гедыміна, вялікага князя літоўскага.

1917 — Максім Багдановіч, беларускі паэт. Пахаваны на старых гарадзкіх могілках у Ялце.

Максім Багдановіч
Максім Багдановіч

У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Максім Багдановіч, Ялта, 1917

1926 — Сымон Пятлюра, украінскі дзяржаўны і палітычны дзяяч, публіцыст, стваральнік украінскіх узброеных сілаў.

Сымон Пятлюра
Сымон Пятлюра

1937 — Станіслаў Гайдукевіч, архітэктар, ахвяра сталінізму, скончыў жыцьцё самагубствам у турме НКВД.

1942 — Іван Замоцін, літаратуразнавец, памёр у турэмным шпіталі ў Горкім (Ніжні Ноўгарад).

1964 — Васіль Залатароў, кампазытар, народны артыст Беларусі.

1968 — Францішак Кушаль, вайсковы і палітычны дзяяч.

1987 — Яўген Калубовіч (на эміграцыі Каханоўскі), гісторык, грамадзка-палітычны дзяяч, літаратуразнавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Яўген Калубовіч
Яўген Калубовіч

2007 — Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG