Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 5 год таму ўлады Беларусі прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair

Самалёт кампаніі Ryanair. Архіўнае фота
Самалёт кампаніі Ryanair. Архіўнае фота

Падзеі 23 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

​Дата дня

1946 Кастусь Езавітаў, беларускі палітычны, грамадзкі і вайсковы дзяяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, першы народны сакратар (міністар) унутраных справаў БНР.

Расстраляны ў Менску пасьля арышту НКВД.

Сёлета ў Беластоку пабачыў сьвет зборнік «Кастусь Езавітаў. Выбранае». Гэта першая кніга з сэрыі «Спадчына БНР». Яе ўкладальнікі — Натальля Гардзіенка, Юры Грыбоўскі, Лявон Юрэвіч. Да таго спадчына Езавітава была расьцярушаная па зборніках ды архівах. Зараз — пад адной вокладкай сабраныя ўспаміны, публіцыстыка, вершы, паказаньні савецкім карным органам. А яшчэ ў кнізе вялізны масіў ліставаньня. Сярод людзей, зь якімі Езавітаў стасаваўся, былі Ларыса Геніюш, Адам Станкевіч, Мікола Абрамчык, Аляксандар Чарвякоў.

Кастусь Езавітаў
Кастусь Езавітаў

Дзень у гісторыі

1618 — пратэстанцкая шляхта Прагі захапіла ўладу і выкінула каталіцкіх прадстаўнікоў у акно праскай гарадзкой залі, што стала пачаткам Трыццацігадовай вайны ў Эўропе.

1761 — кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шчучыну магдэбурскае права і герб.

1910Янка Купала скончыў працу над паэмай «Курган».

1923 — у Менску адкрылася першая ашчадная каса.

1992 — У Лісабоне Беларусь, ЗША, Расея, Казахстан і Ўкраіна падпісалі пратакол да дамовы START 1 (аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў). Паводле пратаколу, уся ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі, Казахстану і Ўкраіны падлягала зьнішчэньню альбо пераводу пад кантроль Расеі.

2021 ўлады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Беларускія спэцслужбы затрымалі пасажыраў рэйсу — аўтара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былога галоўнага рэдактара каналаў Nexta Рамана Пратасевіча і грамадзкую актывістку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Краіны Эўразьвязу, Украіна, шэраг іншых краінаў у адказ увялі санкцыі адносна авіязносінаў зь Беларусьсю.

6 траўня 2022 году Горадзенскі абласны суд пакараў Сапегу 6 гадамі калёніі агульнага рэжыму. 7 чэрвеня 2023 году Соф’ю Сапегу памілавалі, пасьля чаго перадалі дэлегацыі Прыморскага краю.

3 траўня 2023 году на працэсе над рэдактарамі каналаў Nexta Рамана Пратасевіча асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 22 траўня было абвешчана, што Пратасевіч памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер Пратасевіч працуе ў дзяржаўнай прапагандзе і робіць праграмы супраць беларусаў, якія пакінулі Радзіму.

У гэты дзень нарадзіліся

1707Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнаўца, стваральнік сыстэмы клясыфікацыі расьліннага і жывёльнага сьвету.

1959 Алесь Смалянчук, гісторык.

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

1964Ірына Дубянецкая, бібліст, багаслоў і філёзаф, доктар сакральнай тэалёгіі і доктар філязофіі.

Ірына Дубянецкая
Ірына Дубянецкая

У памяці

1167 — у Ерусаліме памерла Эўфрасіньня Полацкая, полацкая князёўна, ігуменьня і асьветніца, беларуская сьвятая.​

Эўфрасіньня Полацкая.
Эўфрасіньня Полацкая.

1753Францішка Ўршуля Радзівіл, пісьменьніца і драматург з роду Вішнявецкіх. У 1725 годзе Францішка Ўршуля выйшла замуж за Міхала Казімера Рыбаньку і пераехала ў Нясьвіж. Там яна спрычынілася да пашырэньня асьветы, значна папоўніла замкавую бібліятэку, а таксама спрыяла аднаўленьню дзейнасьці Нясьвіскай друкарні.

Францішка Ўршуля Радзівіл
Францішка Ўршуля Радзівіл

1863 Данііл Канапасевіч, праваслаўны сьвятар. Павешаны паўстанцамі за тое, што выступаў на баку расейскага войска.

1871 Яраслаў Дамброўскі, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1863–1864 гадоў, генэрал Парыскай Камуны. Загінуў у Парыжы ў баі.

1967 Мікола Дзямідаў, вайсковец і настаўнік, дзяяч эміграцыі.

1980 Ларыса Александроўская, опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

Ларыса Александроўская
Ларыса Александроўская

1980 Мікола Марцінчык, лекар, грамадзка-палітычны дзяяч у Заходняй Беларусі, рэдактар газэт, вязень ГУЛАГу.

Мікола Марцінчык
Мікола Марцінчык
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG