Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, уначы 12 траўня 60-гадовы сланімчанін быў у Польшчы і ехаў аўтадарогай S8. Паблізу гораду Сыцаў у Ніжняй Сілезіі, яшчэ за сотні кілямэтраў ад Беларусі, на яго нібыта ўчынілі «беспадстаўны напад» польскія сілавікі і прымянілі агнястрэльную зброю.
Кіроўца атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненьні галавы і канцавінаў, а ў аўтамабілі налічылі 29 кулявых адтулін, гаварылася ў матэрыялах дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі.
Канал «Беларусь 1» зрабіў сланімчаніна героем свайго рэпартажу. У ім паведамілі, што кіроўцу пасьля нападу ў Польшчы шпіталізавалі, але ў польскім шпіталі яму нібыта надалі дапамогу з «грубымі парушэньнямі», якія могуць прывесьці да таго, што беларус застанецца інвалідам. Прычым выпіска, паводле прапаганды, адбылася раптоўна і дачасна.
Пры гэтым Сьледчы камітэт адзначыў, што нягледзячы на сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, мужчыну «ўдалося перасекчы мяжу, адкуль ён быў экстрана дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя ў вельмі цяжкім стане». Якім чынам беларус, перабываючы ў цяжкім стане, як сьцьвярджалі ў прэсе, здолеў праехаць амаль усю тэрыторыю Польшчы, перайсьці мяжу і трапіць у шпіталь на радзіме — ніхто не тлумачыць.
Выданьне Most накіравала запыт у Акруговую пракуратуру ва Ўроцлаве. Менавіта ёй падпарадкоўваецца раённая пракуратура ў Алесьніцы, якая вядзе справу. 22 траўня журналісты атрымалі адказ за подпісам прэс-сакратара Даміяна Паўнука, які апісвае, што здарылася ў ноч на 12 траўня ў раёне Сыцава. У адказе адзначана, што ў здарэньні ўдзельнічалі супрацоўнікі Крымінальнага аддзелу Гарадзкой камэндатуры паліцыі ў Валбжыху. Яны хацелі затрымаць выкрадальнікаў аўтамабіляў марак Citroen і Peugeot.
На трасе S8 у напрамку Алесьніцы супрацоўнікі заўважылі машыну, якая адпавядае апісаньню. Супрацоўнікі паліцыі западозрылі, што аўтамабіль маркі Citroen, за якім вялося назіраньне, суправаджаецца кіроўцам аўтамабілю BMW. Абодва зьехалі на прыдарожную зону абслугоўваньня ў раёне Сыцава, і тады паліцыянты наважыліся праверыць дакумэнты ва ўсіх кіроўцаў. І тут выніклі першыя цяжкасьці.
Кіроўца BMW не адрэагаваў на загад пакінуць транспартны сродак. Падазраванага мусілі выцягнуць з аўтамабілю і надзелі на яго кайданкі. Тым часам кіроўца Citroen пакінуў месца здарэньня, наехаўшы на ступню паліцыянта. За ім накіраваўся адзін з патрулёў.
У нейкі момант да месца стаянкі пад’ехаў яшчэ адзін аўтамабіль BMW. Верагодна, ягоны кіроўца быў зьвязаны з двума іншымі, мяркуюць у польскіх сілавых структурах. Мяркуючы па ўсім, гэта быў той самы аўтамабіль, у які стралялі паліцыянты.
«Затым паспрабаваў зьехаць кіроўца другога аўтамабілю BMW, выконваючы небясьпечныя манэўры — рэзка здаючы назад і паварочваючы, а таксама накіроўваючы аўтамабіль у бок супрацоўнікаў паліцыі, з прычыны чаго ў дачыненьні яго была ўжыта агнястрэльная зброя», — апісвае пракуратура.
Пракуратура вядзе дзьве справы
У сувязі са здарэньнем Раённая пракуратура ў Алесьніцы завяла два падрыхтоўчыя вядзеньні. Адно — у дачыненьні двух кіроўцаў, якія не спыніліся на патрабаваньне паліцыянтаў і зьдзейсьнілі на іх напад, накіроўваючы на іх аўтамабілі. Адзін да таго ж наехаў на нагу. Адным з гэтых двух мужчынаў і ёсьць паранены беларус. Трэці кіроўца, якога выцягнулі з машыны, не пад крымінальным перасьледам.
Падрыхтоўчая вытворчасьць у другой справе тычыцца магчымага перавышэньня паўнамоцтваў супрацоўнікамі паліцыі.
Рэакцыя зь Менску
Першай рэакцыяй на справу, адкуль і пайшоў пра яе розгалас, быў матэрыял тэлерадыёкампаніі «Гродна» ў панядзелак 18 траўня.
Падрабязнасьці зьявіліся 21 траўня ў раней згаданым рэпартажы ў «Панараме». А перад тым, 20 траўня, з афіцыйнай заявай пра здарэньне выступіла нават МЗС Беларусі. Там заявілі пра тое, што польскія паліцыянты «памыліліся».
«Паводле інфармацыі, якая паступіла, польскія праваахоўнікі памылкова прынялі групу беларусаў за ўдзельнікаў злачыннай групоўкі, што і прывяло да прымяненьня зброі. Гэты інцыдэнт прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў рэальным узроўні бясьпекі, які дэкляруецца польскім бокам».
У зьвязку з тым МЗС параіў грамадзянам Беларусі «ўлічваць такія рызыкі пры плянаваньні замежных паездак»:
«Як паказвае практыка, нельга выключаць, што законапаслухмяны грамадзянін можа быць памылкова прыняты за парушальніка закону і падвергнуты неадпаведнаму сілавому ўзьдзеяньню».
Разам з тым у Менску віталі пачатак сьледчых дзеяньняў з боку Пракуратуры Польшчы і кваліфікацыю здарэньня як «перавышэньне службовых паўнамоцтваў». Там дадалі, што разьлічваюць на аб’ектыўнае расьсьледаваньне, устанаўленьне вінаватых і прыцягненьне іх да адказнасьці. Пра тое, што беларус стаў фігурантам паралельнай крымінальнай справы і падазрэньні зь яго ня зьнятыя, у МЗС Беларусі не згадалі.
Не да канца ясна, якім чынам беларус апынуўся на волі пасьля шпіталя, чаму супраць яго не прымянілі меры стрыманьня ў выглядзе арышту, а таксама якім чынам яму дазволілі пакінуць тэрыторыю Польшчы, калі ён застаецца падазраваным у крымінальнай справе.
Вэрсія журналістаў Польшчы
Тым часам гісторыя беларуса была паказаная і на польскай тэлевізіі. Адзін з найбуйнейшых каналаў краіны TVN расказаў пра гісторыю слонімца сваім гледачам.
У ім не згадалі нацыянальнасьці кіроўцы, але паведамілі, што супрацоўнікі паліцыі аказалі яму першую мэдыцынскую дапамогу і выклікалі на месца мэдыкаў. Хуткая дапамога даставіла параненага кіроўцу ў лякарню.
Раненьні, паводле каналу, не пагражалі жыцьцю пацыента.
Форум