Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 525 гадоў таму ў Вільні асьвяцілі касьцёл Сьвятой Ганны, помнік готыкі

Касьцёл сьвятой Ганны ў Вільні
Касьцёл сьвятой Ганны ў Вільні

Падзеі 22 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

22 траўня 1900 году на Ігуменшчыне нарадзіўся​ Мікола Касьпяровіч, беларускі этнограф, краязнаўца, мовазнаўца і дасьледнік літаратуры.

Касьпяровіч арганізаваў Ігуменскія павятовыя беларускі нацыянальны камітэт і школьную раду, удзельнічаў у антыпольскім падпольлі.

Мікола Касьпяровіч
Мікола Касьпяровіч

Пісаў пра гісторыю краязнаўчай працы на Беларусі, яе задачы і мэтодыку, дасьледаваў гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва, архітэктуру, сучасную графіку. Уклаў дыялектны «Віцебскі краёвы слоўнік», узорны для свайго часу.

Ахвяра сталінізму. Арыштаваны ў 1930 годзе ў межах сфабрыкаванай савецкімі карнымі органамі справы няіснага «Саюзу вызваленьня Беларусі».

Правёў 5 гадоў у лягерах Кемераўскай вобласьці.

Выйшаў на волю і настаўнічаў, але праз два гады яго арыштавалі паўторна і расстралялі. Рэабілітаваны пасьмяротна ў абодвух прысудах.

Дзень у гісторыі

1501 — у Вільні асьвяцілі касьцёл Сьвятой Ганны.

Помнік готыкі ўсясьветнага маштабу, мураваны касьцёл Сьвятой Ганны ў Вільні пабудавалі ў 1495–1500 гадах і асьвяцілі 22 траўня 1501 году. Мэцэнатам касьцёла быў вялікі князь літоўскі Аляксандар (1461–1506). У 1501–1507 гадах архітэктар Мікалай Энзынгер з Гдані аднавіў ансамбль касьцёла.

1925 — у Вільні выйшаў апошні нумар газэты «Беларуская доля». Закрытая польскімі ўладамі.

1945 — польскія падпольнікі, падначаленыя Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі», спалілі на Беласточчыне беларускую вёску Патокі.

1962 — у паселішчы Сосны пад Менскам запусьцілі першы ў Беларусі атамны рэактар.

1972 — адбыўся першы ў гісторыі візыт прэзыдэнта ЗША ў Савецкі Саюз. Рычард Ніксан правёў у СССР 9 дзён.

1982 — адбылася прэм’ера «Тутэйшых» у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Рэжысэр — Валеры Масьлюк.

У гэты дзень нарадзіліся

1813 Рыхард Вагнэр, нямецкі кампазытар, дырыгент, драматург, філёзаф.

1859 —​ Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік. Найбольшую вядомасьць здабыў дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана.

Артур Конан Дойл
Артур Конан Дойл

1899 —​ Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, пэдагог, палітычны дзяяч.

1907Алена Аладава, беларуская мастацтвазнаўца.

1924Шарль Азнавур, францускі актор і сьпявак армянскага паходжаньня.

1931 — Мая Яніцкая, беларуская мастацтвазнаўца, дасьледніца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Мая Яніцкая
Мая Яніцкая

1932 — Элеанора Вецер, мастацтвазнаўца, стваральніца Музэю старажытнай беларускай культуры ў Акадэміі навук Беларусі.

1944Юры Гарулёў, кінарэжысэр дакумэнтальных фільмаў.

1959Мікола Яцкоў, беларускі паэт, кампазытар-песеньнік.

Мікола Яцкоў, 2013 год
Мікола Яцкоў, 2013 год

У памяці

1671Аляксандар Казімер Сапега, віленскі біскуп.

1762 Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, мэцэнат.

1885Віктор Гюго, францускі пісьменьнік, тэарэтык францускага рамантызму.

Віктар Гюго
Віктар Гюго

2007Ванда Махнач, беларускі мэдык, дзяячка Саюзу беларускай моладзі і беларускай дыяспары ў ЗША.

2017 Віктар Купрэйчык, беларускі шахматыст.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG