Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў пазоў асуджанага за шпіянаж для Беларусі літоўца, які хацеў каб яго абмянялі на беларускіх вязьняў

Мантас Данелюс у судзе, верасень 2024 году
Мантас Данелюс у судзе, верасень 2024 году

Апрача абмену на асуджаных у Беларусі літоўцах Мантас Данелюс патрабаваў кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч эўра за тое.

Грамадзянін Літвы Мантас Данелюс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Беларусі, зьвярнуўся ў літоўскі суд скаргай, патрабуючы ініцыяваць «абмен шпіёнамі» з Беларусьсю. 20 траўня Рэгіянальны адміністрацыйны суд адхіліў скаргу Данелюса, паведамляе прэс-служба суду.

У траўні мінулага году Данелюс зьвярнуўся да прэзыдэнта Літвы з просьбай ініцыяваць яго абмен на грамадзян Літвы, зьняволеных у Беларусі. Канцылярыя прэзыдэнта адказала, што азнаёмілася са зваротамі Данелюса.

У скарзе ў суд Данелюс патрабаваў адмяніць ліст канцылярыі прэзыдэнта, ініцыяваць яго абмен і спагнаць 100 тысяч эўра ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Суд прыйшоў да высновы, што адказ канцылярыі носіць інфармацыйны характар і не цягне правах наступстваў. Патрабаваньне аб адмене ліста было прызнана неабгрунтаваным.

Суд таксама адзначыў, што ні адміністрацыйныя суды, ні канцылярыя прэзыдэнта не маюць права ініцыяваць «абмены шпіёнамі». Рашэньне аб памілаваньні ці абмене можа прымацца прэзыдэнтам Літвы. Патрабаваньні аб кампэнсацыі таксама адхілілі.

Раней Данелюс, які знаходзіцца ў турме Правенішкес-2, зьвяртаўся з просьбай пра такі абмен да прэзыдэнта, Службы турмаў Літвы і да іншых установаў.

Ён зазначаў, што яго адвакат Повілас Эйгмінас адмаўляецца кантактаваць з замежнымі амбасадамі, бо асьцерагаецца перасьледу ад Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы. У 2025 годзе агенцтва ELTA цытавала дасланы яму ліст Данелюса:

«Я хачу ў Беларусь, але не ў турму, а на свабоду, гэта значыць, каб мяне абмянялі на грамадзян Літвы, асуджаных у Беларусі за шпіянаж на карысьць Літвы», — пісаў Данелюс у лісьце да журналіста ELTA.

Аднак улады рэкамэндавалі асуджанаму зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі, якое адказвае за такія пытаньні.

Хто такі Мантас Данелюс і за што яго пакаралі

15 траўня 2025 году апэляцыйны суд Літвы адхіліў апэляцыю 41-гадовага віленскага юрыста Мантаса Данелюса, асуджанага ў верасьні 2024-га за шпіянаж на карысьць Беларусі, і пакінуў яму пакараньне 9 гадамі пазбаўленьня волі. Паводле сьледзтва, з студзеня 2022-га Данелюс выконваў заданьні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі, зьбірала і перадавала цікавую для іх інфармацыю.

«Пад выглядам валянтэрскай дзейнасьці Данелюс кантактаваў зь дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазыцыю рэжыму Рэспублікі Беларусь, асобамі, якія пераехалі ў Літву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, каб унікннуць арышту, пазбаўленьня волі або іншага судовага перасьледу», — паведамляла пракуратура Літвы.

З матэрыялаў сьледзтва вынікае, што Данелюс наведваў памяшканьні беларускіх апазыцыйных арганізацыяў, удзельнічаў у імпрэзах, зьбіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасьці, праектах, крыніцах фінансаваньня, асобах, якія ўваходзяць у арганізацыі. Таксама зьбіраў інфармацыю пра байцоў палку Каліноўскага ва Ўкраіне.

Паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі, якая супрацоўнічае зь беларускай выведкай і завэрбавала Данелюса, інструктавала яго аб мэтадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведку замежнай дзяржавы, і тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца, а таксама мэтадах перадачы сабранай інфармацыі, патрабаваньнях бясьпекі ўзаемнай сувязі. Як пісала LRT, вядзецца пра журналістку АТН, прапагандыстку Ксенію Лебедзеву.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG