Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за тысячу беларусаў працягваюць весьці свой бізнэс ва Ўкраіне. Што вядома

Манумэнт Незалежнасьці ў цэнтры Кіева. Ілюстрацыйнае фота
Манумэнт Незалежнасьці ў цэнтры Кіева. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне індывідуальнымі прадпрымальнікамі (паводле ўкраінскага заканадаўства, фізычнымі асобамі — прадпрымальнікамі. — РС) працуюць 1082 чалавекі з грамадзянствам Беларусі.

Як адначаецца ў аналітыцы Opendata, беларусы займаюць сёмае месца сярод іншаземцаў, якія адкрылі ва Ўкраіне малы бізнэс.

Усяго на сярэдзіну траўня ва Ўкраіне дзейнічаюць 21 967 фізычных асобаў — прадпрымальнікаў з іншаземным грамадзянствам, 4,9 % зь іх складаюць беларусы.

Найбольш сярод прадпрымальнікаў грамадзян Расеі — 4593, або 20,9%. Далей ідуць грамадзяне Віетнаму — 1994, або 9,08%, Азэрбайджану — 1635, або 7,4%, Узбэкістану — 1469, або 6,7%, і Малдовы — 1118, або 5,1%.

Згодна з інфармацыяй Opendata, траціна індывідуальных прадпрымальнікаў з іншаземным грамадзянствам працуюць у сфэры гандлю.

Чаму гэта важна

Пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў розных гарадах краіны засталіся жыць грамадзяне Беларусі, якія мусілі пакінуць сваю краіну пасьля 2020 году праз пагрозу палітычна матываванага крымінальнага перасьледу.

За тое, што ўлады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, украінскія ўлады ўвялі абмежаваньні для грамадзян Беларусі, у тым ліку банкаўскія, калі адкрыць рахунак стала фактычна немагчыма без узгадненьня і праверкі спэцыяльнымі службамі.

Летась 62 чалавекі зь беларускім грамадзянствам зарэгістраваліся ва Ўкраіне як фізычныя асобы — прадпрымальнікі, а яшчэ 69 грамадзян Беларусі праз складанасьці закрылі свой бізнэс ва Ўкраіне.

У 2021 годзе фізычных асобаў — прадпрымальнікаў зь беларускім грамадзянствам ва Ўкраіне было 1 127.

Паводле міграцыйных органаў Украіны, у 2025 годзе ў краіне жылі прыблізна ад 12 да 15 тысяч грамадзян Беларусі, якія мелі дазвол на часовае або сталае жыхарства ва Ўкраіне.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG