Дзень у гісторыі
1657 — у часе 13-гадовай вайны ў Янаве казакі забілі Андрэя Баболю, каталіцкага місіянэра, які будзе далучаны да ліку сьвятых.
1889 — у газэце «Минскій листокъ» першая публікацыя паэмы «Тарас на Парнасе».
1985 — у СССР уведзены Гарбачоўскі «сухі закон». Дзейнічаў да 1988 году.
1986 — у Горадні адкрыўся музэй Максіма Багдановіча.
1995 — кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў зьняў з будынку прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Менску і разарваў бел-чырвона-белы сьцяг. На той момант сьцяг яшчэ заставаўся афіцыйным дзяржаўным сымбалем, бо вынікі рэфэрэндуму яшчэ не набылі юрыдычнай сілы.
2019 — увечары ў Магілёве міліцыя ўчыніла аблаву на цыганоў, затрымалі каля ста чалавек.
2022 — у дзень адкрыцьця адбыўся ператрус у менскай кнігарні «Кнігаўка». Выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую затрымалі і некалькі разоў запар арыштоўвалі (усяго на 28 і 23 дні адпаведна).
У гэты дзень нарадзіліся
1755 — Ян Непамуцэн Касакоўскі, дзяржаўны і рэлігійны дзяяч ВКЛ, віленскі біскуп.
1911 — Васіль Вітка, паэт, празаік, драматург, клясык беларускай дзіцячай літаратуры.
1955 — Вольга Корбут, гімнастка, 4-разовая алімпійская чэмпіёнка. У Мюнхэне-1972 ураджэнка Горадні здабыла тры залатыя мэдалі (каманднае першынство, вольныя практыкаваньні і бервяно), а ў Манрэалі-1976 золата ў камандным першынстве. Ад 1991 году жыве ў Злучаных Штатах, ганаровая грамадзянка гораду Атланта.
У памяці
1979 — памёр Яўсей Канчар, палітычны дзяяч, гісторык, публіцыст, вучоны ў галіне эканамічнай геаграфіі, адзін з арганізатараў Першага Ўсебеларускага зьезду 1917 году.
1937 — Отан Гедэман, гісторык і краязнаўца.
1999 — памёр Мікола Ганько, шматгадовы кіраўнік Згуртаваньня беларусаў Канады.
2021 — памёр Яўген Анішчанка, гісторык.
2023 — у баі пад Бахмутам (Украіна) загінуў Міраслаў Лазоўскі, беларускі добраахвотнік, адзін з стваральнікаў «Белага Легіёну», распаўсюднік кніг.