Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6,5 тысячы беларусаў летась атрымалі грамадзянства Польшчы. Але працэдуру хочуць ускладніць

Польскі пашпарт
Польскі пашпарт

Агулам у 2025 годзе польскае грамадзянства атрымалі 19 тысяч замежнікаў.

У 2025 годзе польскае грамадзянства атрымалі 19 тысяч замежнікаў, зь іх 6,5 тысяч — беларусы, піша Portal Samorządowy. Адпаведную статыстыку агучылі ў Сэйме прадстаўнікі МУС.

Гэтыя лічбы ўключаюць як тых, хто быў прызнаны польскім грамадзянінам пастановай ваяводы, гэтак і тых, хто атрымаў грамадзянства па рашэньні прэзыдэнта краіны.

Беларусы — другая ў колькасьці група замежнікаў, якія атрымалі грамадзянства Польшчы. На першым месцы — украінцы, якім за мінулы год выдалі 10 тысяч польскіх пашпартоў.

Такім чынам, за год у Польшчы грамадзянамі гэтай дзяржавы стала колькасьць беларусаў, прыкладна роўная насельніцтву Докшыцаў, Верхнядзьвінску, Дуброўны або Сьвіслачы.

Правілы зьбіраюцца зрабіць больш строгімі

Пры гэтым у Польшчы ўжо ня першы месяц вядзецца гаворка пра тое, што атрыманьне грамадзянства замежнікамі трэба зрабіць больш цяжкім. Размовы ўзмацніліся пасьля выбраньня на пасаду прэзыдэнта Караля Наўроцкага, але й безь яго ў польскім палітыкуме хапае сілаў, якія выступаюць за гэта.

Згодна з прапановамі ўраду, кандыдаты на грамадзянства павінны будуць здаць адмысловы іспыт прыкладна з 40 пытаньняў. Рэформай займаецца Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Тэст будзе правяраць веданьне польскай гісторыі, культуры, дзяржаўных інстытутаў, законаў і асноўных каштоўнасьцяў краіны.

Што тычыцца польскай мовы, тут плянуецца павысіць патрабаваньні да ўзроўню валоданьня. Цяпер дастаткова ўзроўню B1, але ўрад хоча падняць плянку да B2.

Яшчэ адна істотная зьмена — неабходнасьць падпісаць так званы «акт ляяльнасьці да Польшчы», паведамляла Польскае радыё. Улады таксама хочуць, каб прэтэндэнт меў польскую падатковую рэзыдэнцыю і з дапамогай тэсту пацьвердзіў сваю інтэграцыю ў польскае грамадзтва.

Асобна прапісваецца і патрабаваньне адносна тэрміну пражываньня. Замежнік павінен будзе пражыць у Польшчы ня менш за 8 гадоў. Кіраўнік міністэрства Марцін Кервіньскі падкрэсьліў, што менавіта такі тэрмін фактычна ўжо дзейнічае на практыцы.

Прэзыдэнт Караль Наўроцкі раней прапаноўваў павялічыць мінімальны тэрмін пражываньня да 10 гадоў. Яшчэ больш жорсткі праект прапаноўвалі дэпутаты партыі PiS (Закон і справядлівасьць) — яны хацелі ўвесьці моўны іспыт на ўзроўні C1 і дзесяцігадовы тэрмін знаходжаньня ў краіне. Аднак у студзені Сэйм адхіліў гэты праект.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG