Як адзначаецца ў паведамленьні, спэцыяльную разьметку нанясуць халодным плястыкам на адрэзку прыблізна 700 мэтраў.
Аб набліжэньні да «сьпеўнага» ўчастку будзе папярэджваць адмысловы інфармацыйны знак. Кіроўца, наехаўшы на такую паласу, пачуе песьню «Беловежская пуща» ў выкананьні «Песьняроў».
Такую паласу створаць у рамках падрыхтоўкі дарог да летняга сэзону.
Якія навацыі ўводзяць на дарогах
Гэта другая «сьпеўная» дарога ў Беларусі. Першую стварылі ў 2024 годзе на дарозе Р-31 Бабруйск — Мазыр — мяжа Ўкраіны. Там гучыць песьня «Белоруссия» таксама ў выкананьні «Песьняроў».
Сёлета дарожнае прадпрыемства «Белдарсувязь» на ўчастку трасы М-10 у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці выпрабавала сыстэму папярэджаньня аварыяў з удзелам дзікіх жывёлаў. Цяпер гэтую сыстэму, створаную пры дапамозе штучнага інтэлекту, плянуюць распаўсюдзіць на ўсе рэгіёны Беларусі.
Колькі вылучаюць на будаўніцтва дарог
Агульная працягласьць сеткі аўтадарог агульнага карыстаньня ў Беларусі складае 86 538 кілямэтраў, у тым ліку агульнадзяржаўных — 15 944 кілямэтры і мясцовых — 70 594 кілямэтры. У складзе аўтадарог 5204 мастоў агульнай працягласьцю 186,4 тысячы ўздоўжных мэтраў.
Згодна зь дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі», разьлічанай на 2026–2030 гады, у наступныя пяць гадоў плянуюць адрамантаваць, пабудаваць і рэканструяваць ня менш за 25 тысяч кілямэтраў аўтамабільных дарог агульнага карыстаньня, а таксама забясьпечыць «сувязь раённых цэнтраў з аграгарадкамі аўтамабільнымі дарогамі з удасканаленым пакрыцьцём працягласьцю 47,9 кілямэтра».
На рэалізацыю праграмы ў гэтыя пяць гадоў вылучаць 18,9 мільярда рублёў.
Сярод іншага гэтая праграма прадугледжвае і рэканструкцыю дарогі Р-83 Берасьце — Каменец — Нацыянальны парк «Белавеская пушча», на якой будзе створаны «сьпеўны» ўчастак.
Форум