Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1000 беларусаў дадалі ў расейскую базу вышуку за паўгода. Хто ў яе трапіў

Расейская паліцыя. Архіўнае фота
Расейская паліцыя. Архіўнае фота

Зь ліпеня 2024 году МУС Расеі аб’яўляе вышук усё большай колькасьці беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Гэта значыць, што іх шукаюць і ў Беларусі.

У расейскую базу вышуку з кастрычніка 2025 па красавік 2026 году дадалі 1118 грамадзян Беларусі, высьветліла «Медиазона». Цяпер у ёй знаходзяцца 5880 беларусаў.

Калі чалавека шукаюць у Расеі — значыць, яго шукаюць і ў Беларусі, паколькі ў расейскую базу прозьвішчы ўносяць на запыт беларускага боку.

Сярод аб’яўленых у вышук — журналісты, актывісты, палітыкі, былыя палітвязьні, якія вымушана пакінулі Беларусь. Напрыклад, Вікторыя Кульша, якую ўлады вызвалілі па «памілаваньні» і вывезьлі з Беларусі ў сьнежні 2025 года. Перад вызваленьнем супраць яе завялі новую крымінальную справу — аб дэзарганізацыі працы калёніі (артыкул 410 КК). Праваабаронцы адзначалі, што гэта першы вядомы выпадак завядзеньня справы па такім артыкуле супраць палітвязьня.

У базе таксама валянтэрка і былая палітзьняволеная Кіра Баярэнка, якая перажыла раненьне падчас расейскага абстрэлу Херсона, вядучы праекту «Зроблена ў Польшчы» Максім Паршута, аўтар праекту «Часнок Live» і былы палітвязень Аляксандр Івулін і іншыя.

Чаму гэта важна

З 2024 году МУС Расеі аб’яўляе вышук усё большай колькасьці беларусаў. Штомесяц, пачынаючы зь ліпеня 2024 году, у расейскую базу вышуку дадаюць прынамсі 100 беларусаў.

У сьпіс яны трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, іх шукаюць у абедзьвюх краінах.

Свабода падкрэсьлівае, што адсутнасьць у гэтай базе вышуку не азначае, што на чалавека не завялі крымінальную справу ў Беларусі і ён не знаходзіцца ў вышуку.

Раней у базу трапілі былыя палітвязьні, журналісты, праваабаронцы, аналітыкі, актывісты і палітыкі, людзі культуры, беларускія добраахвотнікі ў вайне Украіны супраць расейскай агрэсіі, блогеры, сваякі палітвязьняў і палітыкаў на эміграцыі і сотні іншых беларусаў

Як праверыць сябе

У адмысловым пошуку, дзе зьмяшчаецца абноўленая база расейскага вышуку беларусаў, складзеная «Медиазоной», можна праверыць сябе і сваіх знаёмых.

У табліцы на сайце «Медиазоны» трэба ўставіць хаця б тры літары з прозьвішча. Часьцей за ўсё там не пазначана, паводле якога артыкулу шукаюць чалавека.

Знакам «+» адзначаны тыя, каго дадалі ў базу. Тыя, каго зь яе выдалілі, адзначаныя крыжыкам «х».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG