У Маскве на 76-м годзе жыцьця памёр расейскі тэлевядоўца і журналіст Уладзімір Малчанаў, які стаў вядомым у час перабудовы, абвешчанай у Савецкім Саюзе яго апошнім кіраўніком Міхаілам Гарбачовым.
Найбольшую вядомасьць яму прынесла тэлепраграма «Да і пасьля поўначы». Ён быў яе аўтарам і вядоўцам. Праграма мела нестандартны для савецкай тэлевізіі фармат — Уладзімір Малчанаў спалучаў у ёй інтэрвію зь вядомымі асобамі і папулярную ў той час музыку.
Уладзімір Малчанаў таксама вёў галоўную ў савецкі час інфармацыйную праграму «Время». Падчас віленскіх падзеяў у 1991 годзе ён адмовіўся яе весьці праз загад зьняць матэрыял зь Вільні і выкінуў партыйны білет КПСС.
Падчас так званага путчу ў жніўні 1991 году выходзіў у этэр з будынку ўраду Расеі, ачэпленага вайскоўцамі. З савецкай тэлевізіі пайшоў у 1991 годзе.
Пасьля працаваў у шэрагу тэлепраектаў на культурныя тэмы, быў аўтарам дакумэнтальных фільмаў, але ў палітычнай журналістыцы ўжо не працаваў.
Уладзімір Малчанаў пазытыўна ацэньваў дзейнасьць Міхаіла Гарбачова.
«Гарбачоў зрабіў найбольш найбольшую рэч — ён падарыў нам свабоду слова, ён падарыў нам перамяшчэньне, ён дазволіў нам чытаць кнігі, то бок рабіць усё тое, што робяць нармальныя цывілізаваныя людзі і ўсё тое, што было нам забаронена абсалютна. Ён зьнішчыў гэты канцлягер пад назвай „Савецкі Саюз“. Вядома, гэта было адчувальна, але тым ня менш», — казаў ён.
Уладзімір Малчанаў меркаваў, што сталінізм нічым не адрозьніваецца ад фашызму.
«З часам я зразумеў, што паміж фашызмам, нацызмам і сталінізмам стаіць абсалютны знак роўнасьці. І ніхто, ніводны прэзыдэнт мяне ў зваротным не пераканае. Сталінізм нават страшнейшы хаця б таму, што ніводны ўладар ня вынішчыў столькі свайго народу, колькі гэтага зрабіў Сталін», — казаў Уладзімір Малчанаў.
Форум