У Сеньненскім раёне даўно і безвынікова спрабуюць прадаць паўразбураную сядзібу «Беліца» — гістарычную каштоўнасьць ІІ катэгорыі. Цяпер зрабіць гэта стала яшчэ цяжэй: праверыўшы стан гістарычных мясьцін, пракуратура Сеньненскага раёну зафіксавала на тэрыторыі былой сядзібы сьметнішча бытавых і драўнінных адкідаў, піша Orsha.eu.
Сядзіба, якая месьціцца ў аграгарадку Полымя, пабудаваная ў стылі позьняга клясыцызму ў пачатку XIX стагодзьдзя. Яе апошнія ўладальнікі — шляхцічы Сьвяцкія. Усе будынкі прызнаныя гістарычнымі помнікамі XVIII стагодзьдзя.
У 1903–1904 гг. у сядзібе «Старая Беліца» працаваў Янка Купала.
Аднак гістарычная каштоўнасьць аб’екту ня стала перашкодай для тых, хто завёў там сьметнішча, а самую сядзібу канчаткова ператварыў на крушню, дадала крыніца.
Дарэчы, сядзіба Сьвяцкіх калісьці прыцягвала шукальнікаў скарбаў. Бытавала легенда, што ў 1918-м, уцякаючы ад расправы бальшавікоў, прадстаўнікі шляхоцкага роду Сьвяцкіх закапалі побач зь ёю шмат каштоўных рэчаў. Сьвяцкія спадзяваліся, што бальшавікоў адгоняць і яны змогуць вярнуцца. Аднак скарбаў ніхто, выглядае, не знайшоў.
Праблемы шырэйшыя за адну сядзібу
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці аб’ектаў Сеньненшчыны ігнаруюць і мясцовыя ўлады: раённая пракуратура выявіла, што на васьмі помніках археалёгіі, якія маюць статус каштоўнасьцяў ІІІ катэгорыі, нават няма ахоўных дошак.
Пры гэтым у жніўні 2025 году кіраўніцтва раёну заяўляла пра свае пляны прывабіць турыстаў на Сеньненшчыну. Аднак тыя гісторыка-культурныя каштоўнасьці часта знаходзяцца ў вельмі кепскім стане. Як адзначалі мясцовыя краязнаўцы раней, падобныя славутасьці могуць прывабіць толькі невялікую частку турыстаў — тых, хто любіць занядбаныя будынкі, або тых, хто прыяжджае, каб у апошні момант перад канчатковым разбурэньнем паглядзець на славутасьць. Большая ж частка турыстаў, якая спадзяецца на нейкі камфорт і добрую захаванасьць аб’екту, туды не паедзе.
Зрэшты, праблемы нават у адным пасёлку Полымя не абмяжоўваюцца адной сядзібай. Там безвынікова ўжо некалькі год прадаюць будынак бровару 1913 году пабудовы. Прадпрыемства працавала да 2002 году, пасьля чаго спынілася. Летась стала вядома, што ў Старой Беліцы закрылі краму.
У вёсцы Паграбенка некалькі гадоў ня могуць знайсьці пакупніка на ўнікальны будынак паштовай станцыі. У Застадольлі паступова разбураецца касьцёл, а ў Машчанах у вельмі кепскім стане паравы млын, куды калісьці прывезьлі ўнікальны паравы рухавік зь Нямеччыны. Машчаны наагул імкліва дэградуюць — там па чарзе закрылі школу алімпійскага рэзэрву ў біятлёне і агульнаадукацыйную школу.
Падобныя праблемы маюць суседнія раёны. У Талачынскім, напрыклад, няўдала прадаюць сядзібу Цюндзявіцкіх 1897 году. Зрэшты, сядзібе адносна пашанцавала — яе некалькі гадоў таму ўратавалі ад зносу і надалі ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці ІІІ катэгорыі. У Дуброўне летась прадалі будынак кляштару бэрнардынаў, але з таго часу нічога пра будучыню гэтага помніку невядома.
Форум