Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь з пачатку 2026 году павялічыла перавалку праз расейскія порты на 11%. Асноўны экспарт — праз Расею

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад краіны афіцыйна прызнаў, што асноўныя аб’ёмы беларускага экспарту ідуць праз суседнюю Расею.

Лічбу ў 11% павелічэньня аб’ёмаў назваў міністар транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч. Пра гэта ён расказаў тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

«У нас два пагадненьні: адно — наконт перавозкі нафтапрадуктаў, другое — наконт перавалкі асобных відаў грузаў. Абодва пагадненьні працуюць», — сказаў Ляхновіч.

Рост, калі казаць пра порты і вываз у трэція краіны, адбыўся на 11%. Чыноўнік адзначыў, што цяпер прадукцыю адпраўляюць у дзевяць портаў, але асноўныя — гэта порты Санкт-Пецярбургу.

Паводле міністра, прадстаўнікі ведамства сустракаюцца з грузавытворцамі, запрашаюць на супольныя камісіі зь Міністэрсвам транспарту Расеі і там абмяркоўваюць аб’ёмы на наступны год, «фіксуюць іх у табліцах у пагадненьнях».

Акрамя таго, паводле Ляхновіча, у траўні ў міністэрстве плянуюць скарэктаваць аб’ёмы з улікам паказьнікаў росту. Расейскі бок нібыта «разьвівае інфраструктуру», бо грунтуецца на новых аб’ёмах беларускага экспарту.

«Асноўны аб’ём на наступны год мы павінны ўзгадніць да сьнежня бягучага году», — адзначыў Аляксей Ляхновіч.

Раней адбылася пераарыентацыя на Расею

У 2021 годзе ў экспарце тавараў зь Беларусі на Эўразьвяз і Ўкраіну прыпадала 30%, каля 12 мільярдаў даляраў. Ужо ў 2022 годзе экспарт тавараў зь Беларусі ва Ўкраіну зьменшыўся да нуля, экспарт у ЭЗ за 4 гады ўпаў у 10 разоў.

Аднак затым, да 2026 году беларускі экспарт быў на прыкладна аднолькавым роўні. Як тлумачыў Свабодзе ў студзеньскім інтэрвію эканааміст Зьміцер Крук, у ЭЗ і ва Ўкраіну пераважна пастаўляліся нафтапрадукты. Адразу знайсьці на іх іншых пакупнікоў не ўдавалася, але на іншыя тавары вырас попыт у Расеі. Гэтым істотна скарысталіся ў 2023–2024 гадах. У сувязі з вайной вырас попыт на тыя беларускія тавары, на якія раней яго не было.

Як вядома, з 2023 году беларускаму ўраду ўдалося наладзіць лягістычныя шляхі экспарту нафтапрадуктаў праз Расею.

Пра 2024 год ёсьць зьвесткі Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў, паводле якіх гэтыя нафтапрадукты ідуць у расейскія порты, пераважна вакол Санкт-Пецярбургу. Падобная гісторыя з калійнымі ўгнаеньнямі. У ЭЗ іх ішла адносна невялікая доля, паводле ўскосных зьвестак, гэтыя пастаўкі перанакіравалі ў іншыя краіны, найперш у Кітай і Індыю.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG