Анджэй Пачобут цяпер праходзіць у Варшаве мэдычнае абсьледаваньне. 11 траўня Пачобут патлумачыў сваю пазыцыю ў інтэрвію, якое апублікавала Rzeczpospolita.
«Сёньня большая частка палякаў у Польшчы не разумее, чаму я хачу вярнуцца ў Беларусь», — адзначыў вызвалены зь беларускай турмы і вывезены ў Польшчу журналіст і актывіст польскай меншасьці Анджэй Пачобут.
Пачобут пры гэтым паспрабаваў растлумачыць сваю матывацыю. Ён распавёў пра гісторыю і дзейнасьць Саюзу палякаў Беларусі, абставіны свайго арышту, тое, як ён адмаўляўся ад вызваленьня пры ўмове выезду ў Польшчу без права вяртаньня.
Пачобут падкрэсьліў, што арганізацыі ўдалося захаваць магчымасьць працаваць у краіне, хаця і даводзіцца прытрымлівацца многіх абмежаваньняў. Паводле яго, больш за 3 тысячы дзяцей вывучаюць польскую мову ў грамадзкіх школах пад эгідай Саюзу палякаў. Сёньня ў іх абмежаванае выкладаньне гісторыі, не праводзяцца калектыўныя экскурсіі па месцах памяці, а некаторых школах побач з польскім сьцягам стаіць дзяржаўны сьцяг Беларусі.
«Калі ўважліва прыгледзецца да цяперашняй сытуацыі, мы ўбачым, што ў беларусаў сёньня шмат арганізацый — шмат, часам, як мне здаецца, нават занадта шмат — лідэраў, якія выступаюць ад іх імя. А хто ёсьць у палякаў, якія жывуць у Беларусі? Толькі Саюз палякаў. Гэта адзіная апора польскай ідэнтычнасьці ў грамадзкім жыцьці сёньня. Вось чаму нашая арганізацыя так важная», — заявіў Пачобут.
У Горадні, Менску, Берасьці, Лідзе і іншых гарадах да гэтага часу жывуць палякі, якія ахвяравалі і працягваюць ахвяраваць многім дзеля існаваньня Саюза, заявіў Пачобут.
«Гадамі я быў іхнім голасам. Сёньня маё месца — побач зь імі. Я разумею, наколькі вялікая рызыка быць зноў зьняволеным у турму, але ў той жа час не сумняюся, што мая прысутнасьць у Беларусі дазволіць умацаваць арганізацыю, умацаваць польскую ідэнтычнасьць і, парадаксальна, можа таксама зьнізіць рэпрэсіі супраць палякаў. Вось чаму я хачу пайсьці на гэтую рызыку», — заявіў Пачобут.
Ён таксама верыць, што рана ці позна Аляксандр Лукашэнка будзе зацікаўлены ў нармалізацыі адносін са сваімі суседзямі, уключаючы Польшчу.
«Таму, пасьля таго як маё здароўе палепшыцца, я маю намер вярнуцца ў Горадню, у Саюз палякаў Беларусі, — заявіў ён. — Для мяне гэтая гісторыя ня скончыцца, пакуль я ня ўеду ў Беларусь. Тады я змагу сказаць, што дасягнуў посьпеху. Пакуль што я адчуваю ўнутранае напружаньне і хвалююся, ці змагу вярнуцца. Не магу прадказаць, чым усё скончыцца. Яшчэ знаходзячыся на беларускім баку, я папрасіў, каб магчымасьць майго вяртаньня была часткай перамоваў, і хацеў пачуць гэта з польскага боку. На гэта мне адказалі, што я пачую гэта з польскага боку мяжы. Інакш мяне б тут не было. Я не хацеў быць зьняволеным, але я таксама не хацеў, каб мяне проста выгналі. У мяне былі сур’ёзныя сумневы наконт таго, ці варта мне рабіць гэты крок. Мне было лягчэй сказаць „не“. Я таксама перадаў жонцы і бацькам, што калі я скажу „не“ ў маёй сытуацыі, я, безумоўна, не памылюся. Але калі я скажу „так“, я магу памыліцца», — заявіў Пачобут.
28 красавіка 2026 году у межах абмену вязьбнямі ў Польшчу вывезьлі зьняволенага журналіста і актывіста польскай нацыянальнай меншасьці Анджэя Пачобута, які адбыў у турме больш за 5 гадоў.
Вызваленьне Пачобута
Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Яго арыштавалі ў 2021-м і асудзілі ў 2023 годзе на 8 гадоў пазбаўленьня волі. 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.
28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен вязьнямі «5 на 5».
Польскаму боку перадалі Анджэя Пачобута (якога абвінавачвалі ў «нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці»), польскага манаха-кармэліта Гжэгажа Гавэла (абвінавачвалі ў «шпіянажы», суд на момант вызваленьня не адбыўся), грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу (14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «шпіянажы і агентурнай дзейнасьці»), а таксама двух грамадзян Малдовы, затрыманых у Расеі і абвінавачаных у шпіянажы.
Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі «Паспалітае рушэньне» Ўладзіслава Надзейку (арыштаваны за перадачу ў Менск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесьніка кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэляна (працаваў на беларускі КДБ), расейскага археоляга Аляксандра Буцягіна (затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анэксаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расейскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сэпаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.