Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы змогуць атрымліваць у амбасадзе Вугоршчыны кароткатэрміновыя візы ў Швэцыю

Сьцяг Вугоршчыны
Сьцяг Вугоршчыны

Швэцыя дазволіла беларусам атрымліваць кароткатэрміновыя візы ў амбасадзе іншай краіны Эўразьвязу ў Менску.

Пра дасягненьне «часовага пагадненьня з Вугоршчынай у пытаньнях візаў» паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку амбасада Швэцыі ў Беларусі.

З 4 траўня 2026 году грамадзяне трэціх краінаў, у тым ліку Беларусі, могуць падаць заяву на атрыманьне кароткатэрміновай візы тыпу C у менскую амбасаду Вугоршчыны.

Пры гэтым амбасада Швэцыі ў Маскве «працягвае прымаць заявы на атрыманьне візы тыпу D (для дыпляматаў, заяўнікаў, якія страцілі дазвол на жыхарства і т. д.)».

Дыпляматычная місія Швэцыі ў Маскве таксама працягвае запрашаць заяўнікаў на размовы.

«Інтэрвію, збор біямэтрычных зьвестак, праверка пашпартоў будуць ажыцьцяўляцца ў звычайным рэжыме, але толькі два дні на тыдзень (панядзелак і аўторак)», — гаворыцца ў паведамленьні.

Да 20 траўня 2024 году заяву на атрыманьне швэдзкай візы можна было падаць у менскую амбасаду Эстоніі.

У амбасадзе Швэцыі амаль два гады пражылі грамадзяне Беларусі — Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі. Бацька і сын актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 году і ўцяклі ад міліцэйскай пагоні, схаваўшыся за плотам амбасады, што месьціцца ў цэнтры Менску. МЗС Беларусі ў сувязі з гэтым уручыў 11 ліпеня 2022 году ноту пратэсту амбасадарцы Швэцыі.

У лістападзе 2023 году МЗС Швэцыі прызначыла дыпляматычнага прадстаўніка пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой. Ім стала Крыстына Юганэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швэцыі ў Менску, яна пакінула Беларусь у жніўні 2023 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG