Жыхара Калугі Івана Любшына затрымалі ў менскім аэрапорце, адкуль ён спрабаваў вылецець у Армэнію, каб эміграваць у Францыю. Да гэтага Любшын адбыў у Расеі пяцігадовы тэрмін за камэнтар пра выбух у офісе архангельскай ФСБ, піша «ОВД-Інфо» з спасылкай на самога Любшына.
Затрыманьне адбылося ўвечары 1 траўня. Паводле Любшына, яго спачатку перадалі міліцыі, а потым КДБ Беларусі, супрацоўнікі якога вывезьлі яго на тэрыторыю Расеі і перадалі апэратыўнікам з Калугі.
Цяпер Любшына вінавацяць у парушэньні адміністрацыйнага нагляду. Сам ён не выключае, што яго могуць абвінаваціць у спробе выезду ва Ўкраіну: нібыта пра гэта ў ягонай прысутнасьці казалі сілавікі.
Івана Любшына асудзілі ў 2020 годзе на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі, абвінаваціўшы ў «апраўданьні тэрарызму» за камэнтар пра 17-гадовага Міхаіла Жлабіцкага, які ўчыніў выбух у будынку ўпраўленьня ФСБ у Архангельскай вобласьці. Ад выбуху загінуў сам падлетак і пацярпелі трое сілавікоў.
За камэнтары, рэпосты і публікацыі пра выбух у розных рэгіёнах Расеі ўсчалі больш за дзесяць крымінальных спраў пра «апраўданьне тэрарызму». Некалькі чалавек, у тым ліку Любшына, асудзілі да рэальных тэрмінаў.
У сакавіку 2025-га Іван Любшын выйшаў на волю. Ён кажа, што Францыя ўхваліла яму гуманітарную візу, якую трэба было атрымаць 6 траўня ў пасольстве, што месьціцца ў сталіцы Армэніі.
Расейскія сілавікі пасьля прымусовага вяртаньня Івана ў РФ заявілі яму, што супраць яго завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад адміністрацыйнага нагляду. Паводле ранейшага выраку, Любшын цягам васьмі гадоў мусіў адзначацца ў паліцыі і не пакідаць рэгіён без дазволу сілавікоў.
Дома ў Любшына правялі ператрус і абавязалі прыйсьці на допыт 4 траўня. З паліцыі Любшын ня выйшаў — яго затрымалі паводле адміністрацыйнай справы за «дробнае хуліганства»: нібыта ён лаяўся ў грамадзкім месцы.
На мінулым тыдні стала вядома, што зь Беларусі не далі выехаць далей за мяжу расейцу, які атрымаў электронную позву ў войска. Праваабаронцы адзначылі, што гэта можа сьведчыць пра сынхранізацыю базаў памежнікаў Беларусі і Расеі.
Форум