Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 28 градусаў цяпла. Прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні

У бліжэйшыя выходныя надвор’е ў Беларусі будзе пераважна цёплым, зь невялікай колькасьцю ападкаў і паступовым ростам тэмпэратуры, паведамляе Белгідрамэтэацэнтар.

У нядзелю, 3 траўня умовы надвор’я будзе вызначаць вобласьць павышанага атмасфэрнага ціску і цёплая паветраная маса з Заходняй Эўропы. Чакаецца невялікая воблачнасьць, без ападкаў. Вецер паўднёва-заходні, заходні: ноччу слабы, удзень умераны. Тэмпэратура паветра ноччу складзе +4...+10°С, удзень падымецца да +20...+26°С. Атмасфэрны ціск ноччу істотна не зьменіцца, а ўдзень будзе слаба паніжацца.

У панядзелак, 4 траўня, надвор’е будзе фарміравацца пад уплывам вобласьці паніжанага атмасфэрнага ціску ў цёплай паветранай масе з паўднёвых шыротаў. Прагназуецца пераменная воблачнасьць, пераважна без ападкаў. Вецер паўднёва-заходні, умераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпэратура паветра ноччу +7...+13°С, удзень +22...+28°С.

У аўторак, 5 траўня, у краіну пачнуць паступаць няўстойлівыя паветраныя масы з паўднёвага захаду Эўропы. Ноччу будзе пераменная воблачнасьць, удзень — воблачна з праясьненьнямі. Уначы ў асобных раёнах па паўночным захадзе, а раніцай і ўдзень месцамі па краіне магчымы кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах чакаюцца навальніцы. Вецер паўднёвы, умераны, удзень парывісты. Тэмпэратура паветра ноччу складзе +7...+13°С, удзень +21...+28°С, месцамі +18...+20°С.

Сыноптыкі адзначаюць, што ў цэлым пачатак траўня будзе камфортным для адпачынку на прыродзе, аднак 5 траўня варта ўлічваць верагоднасьць кароткачасовых дажджоў і навальніц.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG