Падзеі 2 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
2 траўня 1977 году на чыгуначнай станцыі Крыжоўка пад Менскам адбылося сутыкненьне пасажырскага цягніка з электрычкай. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 22 чалавекі, паводле неафіцыйных — да 200 чалавек. Гэта была самая буйная чыгуначная катастрофа ў гісторыі Беларусі.
Таксама ў гэты дзень
1447 — у Вільні выдадзены прывілей вялікага князя Казімера Ягайлавіча на правы баярам.
1920 — у Менску выйшаў першы нумар ілюстраванага часопіса «Рунь», рэдактарам якога стаў Янка Купала. Выходзіў да 4 ліпеня 1920.
1933 — у нацысцкай Нямеччыне забаранілі дзейнасьць усіх прафсаюзаў і арыштавалі іх кіраўнікоў.
1945 — камандзір абароны Бэрліну Гэльмут Вайдлінг падпісаў загад аб капітуляцыі нацысцкай сталіцы.
1984 — савецкі дысыдэнт фізык Андрэй Сахараў пачаў галадоўку (да 6 жніўня) пасьля таго, як савецкі ўрад адмовіў ягонай жонцы Алене Бонэр у дазволе на выезд за мяжу для таго, каб зрабіць неабходную апэрацыю.
2011 — спэцслужбы ЗША забілі ў Пакістане лідэра тэрарыстычнай сеткі «Аль-Кайда» Ўсаму бін Ладэна.
2014 — у выніку супрацьстаяньня ў Адэсе, паводле розных ацэнак, загінула каля 50 чалавек. Большасьць зь іх — пры пажары ў Доме прафсаюзаў, дзе актывісты антымайданаўскага руху паспрабавалі схавацца пасьля сутыкненьняў у горадзе.
У гэты дзень нарадзіліся
1729 — Кацярына ІІ, расейская імпэратрыца.
1835 — Людвік Станіслаў Фадзей Акінчыц, лекар і ўдзельнік паўстаньня 1863 году, за што сасланы на Ўрал, дзе стаў заснавальнікам курортнай мэдыцыны.
1888 — Іван Віткоўскі, беларускі гісторык, ахвяра сталінізму.
1897 — Андрэй Капуцкі, дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, ахвяра сталінізму.
1985 — Лілі Ален, ангельская поп-сьпявачка
У памяці
1519 — памёр Леанарда да Вінчы, італьянскі мастак, архітэктар, мысьляр.
1922 — у Маскве памерла Ганна Мiсуна, першая ў Беларусі жанчына-геоляг.
1997 — пад коламі службовай машыны генэральнага пракурора загінуў Валеры Шаблюк, гісторык.