Паводле Каляды, Беларусь мае значны культурны патэнцыял, які пакуль недаацэнены.
«Беларусі патрэбны маркетоляг. Беларуская культура – гэта тое, на чым усё можна будаваць. Магчыма, культура сёньня ня вельмі модная, бо людзям цікавей палітыка, але менавіта культура застаецца ў гісторыі і вызначае, што пра нас будуць памятаць праз сто і дзьвесьце гадоў», – адзначыла яна.
Каляда падкрэсьліла, што галоўны капітал краіны – гэта людзі і творцы. На яе думку, менавіта на гэтым рэсурсе Беларусь павінна будаваць сваю стратэгію прысутнасьці ў сьвеце.
Асобна яна зьвярнула ўвагу на тое, што нізкая вядомасьць Беларусі за мяжой можа быць перавагай:
«Калі мы адкрыемся як незалежная краіна, людзі пра нас амаль нічога ня будуць ведаць – і гэта дае магчымасьць стварыць любы імідж. Трэба максымальна экспартаваць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, нашу сярэднявечную гісторыю, архітэктуру і кіно пра гэта».
На яе думку, пры належным падыходзе Беларусь можа стаць прывабнай турыстычнай краінай – «накшталт Люксэмбурга або Ліхтэнштэйна». У прыклад яна прывяла і Вільню, куды штогод прыяжджаюць шматлікія турысты дзеля гістарычных аб’ектаў.
«Чаму гэтага ня робім мы? Па адной прычыне: калі да нас заедзеш, невядома, ці выедзеш», – дадала яна, намякаючы на праблемы з бясьпекай і непрадказальнасьцю для замежнікаў.
Беларускі незалежны праект «Official. Unofficial. Belarus.» стане часткай афіцыйнай паралельнай праграмы 61-й Вэнэцыянскай біенале. Ён адкрыецца 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада. Праект разьмесьціцца ў касьцёле Сан-Джавані Эвангеліста.
Форум