Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане мужчына напаў з нажом на прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны

Паліцэйскія на месцы нападу ў Лёндане, Вялікабрытанія, 29 красавіка 2026 году
Паліцэйскія на месцы нападу ў Лёндане, Вялікабрытанія, 29 красавіка 2026 году

У раёне Голдэрс-Грын на поўначы Лёндану, дзе жыве нямала габрэяў, 45-гадовы мужчына на вуліцы параніў нажом двух чалавек.

Пра гэта паведаміла габрэйская служба бясьпекі «Шомрым», якая і затрымала нападніка да прыезду паліцыі.

Пацярпелыя атрымалі сурʼёзныя траўмы, гэта мужчыны 30 і 70 гадоў, паведаміла BBC з спасылкай на паліцыю.

«Габрэйская абшчына Лёндану стала абʼектам сэрыі абуральных антысэміцкіх нападаў. У грамадзтве не павінна быць месца антысэмітызму. Паліцыя ўзмацніла патруляваньне ў гэтым раёне», — напісаў мэр Лёндану Садык Хан у сацсетцы X.

Мясцовыя жыхары праходзяць міма ачэпленага раёну, Лёндан, 29 красавіка 2026 году

Інцыдэнт таксама пракамэнтаваў прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр. «Напады на нашу габрэйскую абшчыну — гэта напады на Брытанію», — напісаў ён у сацсетцы X.

У мінулым месяцы ў Голдэрс-Грыне падпалілі чатыры машыны хуткай дапамогі, якія належалі габрэйскай дабрачыннай арганізацыі. Зламысьнікі таксама спрабавалі падпаліць сынагогу і былое памяшканьне габрэйскай дабрачыннай арганізацыі.

Спаленыя машыны хуткай дапамогі ў Голдэрс-Грыне, 24 сакавіка 2026 году
Спаленыя машыны хуткай дапамогі ў Голдэрс-Грыне, 24 сакавіка 2026 году

За хвалямі нападаў супраць габрэйскай супольнасьці ў сьвеце могуць стаяць іранскія спэцслужбы, гаварылася ў артыкуле The Guardian ад 23 красавіка. Праз сацыяльныя сеткі яны вэрбуюць падлеткаў або дробных злачынцаў, якія часта нават не разумеюць, навошта робяць шкоду і паводле чыёй замовы. Напрыклад, у Парыжы 17-гадовы падлетак, які спрабаваў падарваць самаробную бомбу каля Банка Амэрыкі, думаў, што проста палохае чыюсьці «няверную дзяўчыну» за ўзнагароду ў 1000 эўра.

Хоць простых доказаў датычнасьці Ірану няма, паводле аналітыкаў і службаў бясьпекі, ускосныя сьведчаньні паказваюць на тое, што гэтыя напады — «частка кампаніі гібрыднай вайны», піша выданьне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG