Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве папярэдзілі сваіх грамадзян аб павелічэньні рызыкі выезду з акупаваных Расеяй тэрыторый празь Беларусь

Дзяніс Чысьцікаў. Архіўнае фота
Дзяніс Чысьцікаў. Архіўнае фота

Намесьнік сталага прадстаўніка прэзыдэнта Ўкраіны ў Аўтаномнай рэспубліцы Крым Дзяніс Чысьцікаў заявіў, што на мяжы ў Беларусі не прапускаюць украінцаў, якія вымушаныя былі атрымаць расейскі пашпарт і цяпер хочуць вярнуцца з акупаваных Расеяй тэрыторый ва Ўкраіну.

«Доўгі час шлях празь Беларусь лічыўся „умоўна бясьпечным калідорам“ для выезду з часова акупаваных тэрыторый праз тэрыторыю РФ для нашых грамадзян. Нашы грамадзяне, якія вымушаныя былі атрымаць расейскія пашпарты, выкарыстоўвалі гэты маршрут, каб выехаць у краіны ЭЗ або на падкантрольныя тэрыторыі Ўкраіны», — напісаў Дзяніс Чысьцікаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго, ужо ёсьць канкрэтныя факты, калі зь Беларусі не выпускаюць мужчын з расейскім пашпартам праз наяўнасьць электроннай позвы ў войска.

«Гэта пацьвярджае, што абмен інфармацыяй паміж сілавікамі абедзьвюх краін усё ж такі запрацаваў на практыцы. Калі раней у Беларусі маглі „не пабачыць“ расейскія абмежаваньні, то цяпер рызыка быць затрыманым на мяжы значна павялічыўся. Асаблівую ўвагу на гэта варта зьвярнуць мужчынам, грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца ў акупацыі або на тэрыторыі Расеі і плянуюць выезд. Наяўнасьць расейскага пашпарту цяпер аўтаматычна падцягвае вас да іхных рэсурсаў вайсковага ўліку. Беражыце сябе і дапамагайце блізкім быць інфармаванымі», — адзначыў Дзяніс Чысьцікаў.

Памежны рух паміж Беларусьсю і Ўкраінай спынілі ў лютым 2022 году, калі зь беларускай тэрыторыі ўварваліся расейскія войскі. Але празь нейкі час улады Ўкраіны заклікалі сваіх грамадзян, якія выяжджаюць з расейскай акупацыі і з расейскімі пашпартамі, карыстацца адзіным гуманітарным калідорам — яго адкрылі на мяжы зь Беларусьсю ў Валынскай вобласьці праз пункт пропуску «Макраны — Даманава». Перасячы мяжу там магчыма толькі пешшу.

Што папярэднічала

Некалькі дзён таму расейскія праваабаронцы паведамілі аб першых фактах, калі беларускія памежнікі не выпускалі з тэрыторыі Беларусі грамадзян Расеі, якія мелі электронныя позвы ў войска і плянавалі выехаць у іншыя краіны.

Адзіны рэестар вайсковаабавязаных грамадзян Расеі ў тэставым рэжыме пачаў працаваць у верасьні 2024 году — позвы рассылаюць у электронным выглядзе, і іх лічаць атрыманымі, нават калі адрасат яе ня бачыў. У сакавіку 2026 году праз гэты рэестар пачалі ўводзіць абмежаваньні для прызыўнікоў, у тым ліку забарону на выезд.

Калі зьявілася сыстэма абмену інфармацыяй

У 2017 годзе Беларусь і Расея падпісалі пратакол пра абмен зьвесткамі аб «неўязных» беларусах і расейцах, але абмен інфармацыяй аб іншаземцах ня быў унармаваны, хоць беларускія памежнікі адмаўлялі ўва ўезьдзе найперш грамадзянам Украіны.

12 сакавіка 2025 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 107 «Аб інфармацыйнай сыстэме абмену зьвесткамі аб замежных грамадзянах і асобах без грамадзянства», накіраваны на рэалізацыю беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў. Указам прадугледжанае стварэньне інфармацыйнай сыстэмы абмену зьвесткамі аб перасячэньні мяжы ў пунктах пропуску, аб выдадзеных і сканфіскаваных (ці ануляваных) дакумэнтах на права ўезду і выезду (транзыту), а таксама пасьведчаньняў асобы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства на тэрыторыі «саюзнай дзяржавы».

У красавіку таго ж году Савет міністраў Беларусі пастановай № 192 зацьвердзіў палажэньне аб парадку функцыянаваньня інфармацыйнай сыстэмы абмену з Расеяй зьвесткамі аб іншаземцах.

Карыстальнікі сыстэмы абмену з Расеяй зьвесткамі аб іншаземцах у Беларусі — МУС, МЗС, Дзяржаўны памежны камітэт, КДБ, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Апэратыўна-аналітычны цэнтар і афіцыйны апэратар продажу квіткоў на спартовыя і культурныя імпрэзы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG