Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 95 гадоў з дня сьмерці заснавальніка навуковага беларусазнаўства Яўхіма Карскага

Яўхім Карскі
Яўхім Карскі

Падзеі 29 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

29 красавіка 1931 памёр Яўхім Карскі, філёляг-славіст, мовазнаўца, фальклярыст, этнограф, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

Яўхім Карскі. Беларусы (у 3 тамах), вокладка кнігі
Яўхім Карскі. Беларусы (у 3 тамах), вокладка кнігі

Гэта першы беларускі акадэмік. У кастрычніку 1893 году Яўхім Карскі пасьпяхова абараніў сваю магістарскую дысэртацыю «Да гісторыі гукаў і формаў беларускай гаворкі» ў Кіеўскім унівэрсытэце. Гэта была першая ў гісторыі дысэртацыя, прысьвечаная беларускай мове.

Акрамя таго, Карскі — першы беларус, які стаў рэктарам унівэрсытэту. Такую пасаду выбітны філёляг заняў у Варшаўскім унівэрсытэце.

Адна з найвядомейшых работаў навукоўца — «Этнаграфічная мапа беларускага племені». Дзеля яе складаньня Карскі адпраўляўся ў экспэдыцыі.

Дзень у гісторыі

1770Джэймз Кук упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

1831 — Бітва пад Кейданамі. Камандзір паўстанцаў Маўрыцы Прозар на працягу дня абараняў заняты паўстанцамі горад Кейданы ад расейскіх войскаў і зрабіў ім немалыя страты (300 забітых, 100 параненых), але празь недахоп амуніцыі змушаны быў пакінуць горад.

1863 — Бітва атраду Сьвентарэцкага. У Ігуменскім павеце адбылася бойка паўстанцкага атраду пад кіраўніцтвам Баляслава Сьвентарэцкага з рэгулярнымі часткамі расейскай арміі. У выніку расейцы адбілі ў паўстанцаў абоз — каля сарака вазоў, а інсургенты пасьпелі схавацца ў лясах.

1918 — Цэнтральная Рада Ўкраіны прыняла Канстытуцыю Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, якая так і не набыла моц. Нямецкія войскі акупавалі Ўкраіну, на патрабаваньне нямецкай акупацыйнай улады Цэнтральная Рада была распушчаная, ліквідаваная Ўкраінская Народная Рэспубліка і ўтвораны гетманат Паўла Скарападзкага.

1945 — войскі саюзьнікаў вызвалілі вязьняў канцлягера Дахаў.

Брама канцлягеру ў Дахау, надпіс на браме — Arbeit macht frei (Праца робіць свабодным)
Брама канцлягеру ў Дахау, надпіс на браме — Arbeit macht frei (Праца робіць свабодным)

1975 — у часе віетнамскай вайны пачалася эвакуацыя амэрыканскага пэрсаналу з Сайгону.

1987 — пачатак „Дзьвінскага ралі’87“. Арганізаваны менскай „Талакой“ водны паход моладзі на знак пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай гідраэлектрастанцыі, у выніку чаго меліся быць затопленыя вялікія абшары Віцебшчыны.

1996 — Канстытуцыйны суд прызнае неадпаведным Канстытуцыі ўказ Лукашэнкі, паводле якога органы ўлады мусілі выконваць ягоныя прызнаныя неканстытуцыйнымі ўказы.

1997 — створана Арганізацыя па забароне хімічнай зброі.

У гэты дзень нарадзіліся

1884Самуіл Агурскі, беларускі і габрэйскі гісторык. Ахвяра сталінізму (памёр у ссылцы).

1887 — у Рэчыцкім павеце нарадзіўся Отан Гедэман, гісторык і краязнаўца.

1899Д'юк Элінгтан, амэрыканскі кампазытар.

Д'юк Элінгтан
Д'юк Элінгтан

1921Мікола Ермаловіч, гісторык, аўтар папулярных кніг па гісторыі Беларусі «Старажытная Беларусь», «Па сьлядах аднаго міту», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае».

Гісторык Мікола Ермаловіч
Гісторык Мікола Ермаловіч

1940 Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

1961 — у Ваўкавыску нарадзіўся Сяргей Вераціла, паэт, эсэіст, перакладнік.

У памяці

1919 — бальшавікі расстралялі сьвятара Стара-Шаркоўшчынскай царквы Канстанціна Жданава. Ён далучаны да ліку праваслаўных сьвятых.

1924Міхаіл Пліс, беларускі праваслаўны сьвятар і грамадзкі дзяяч. Праваднік беларусізацыі царкоўнага жыцьця.

1980Альфрэд Гічкок, амэрыканскі кінарэжысэр.

Альфрэд Гічкок
Альфрэд Гічкок

1990Юры Попка, выдавец і пісьменьнік (Юры Жывіца).

1995Андрэй Пяткевіч, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х, перасьледаваны КДБ.

2002Ігар Гермянчук, рэдактар газэты „Свабода“ і часопіса „Кур’ер“, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Кнігу Сяргея Астраўцова пра Ігара Гермянчука «Спадар Свабода» спампаваць можна тут.

Ігар Гермянчук, Прага, канец 1990-х
Ігар Гермянчук, Прага, канец 1990-х

2020 — ад каранавірусу памёр Генадзь Буцько, праваслаўны сьвятар менскага Петрапаўлаўскага сабору, які служыў там па-беларуску больш за 20 гадоў і меў 56 гадоў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG