Музэі ангельскіх Брайтану і Гоўву маюць намер вярнуць 45 культурных артэфактаў у Батсвану ў рамках партнэрства паміж музэямі.
Мяркуецца, што гэтае вяртаньне будзе першым значным вяртаньнем такога кшталту з музэю Вялікай Брытаніі, адзначае ўнікальнасьць перадачы рэчаў BBC. Кампанія адбываецца пасьля заявы аб рэпатрыяцыі ў 2022 годзе, якую падаў Мэмарыяльны музэй караля Батсваны Хамы III. Музэй месьціцца ва ўсходнебатсванскім горадзе Сэровэ.
Сярод прадметаў — зборы адзеньня, аксэсуараў, паляўнічых прыладаў і прадметаў хатняга ўжытку, набытых сьвятаром Уільямам Чарльзам Уілабі ў 1890-х гадах.
Порцыя Трэмлет, куратарка музэяў Брайтану і Гоўву, сказала, што рэпатрыяцыя экспанатаў «важны крок у аднаўленьні сувязі гэтых артэфактаў з супольнасьцямі, гісторыяй і сыстэмамі ведаў, якія надаюць ім сэнс».
Вяртаньне прадметаў — частка партнэрства паміж двума музэямі, створанага ў рамках праекту «Стварэньне афрыканскіх сувязяў», які вёў Унівэрсытэт Сасэксу ў пэрыяд з 2019 па 2021 год.
У 2022 годзе музэй Хамы III афіцыйна запытаў вяртаньне прадметаў, першапачаткова набытых у канцы 19 стагодзьдзя з рэгіёну Гамангвата ў Батсване.
«Вяртаньне — гэта больш за фізычнае перамяшчэньне — гэта акт рэстаўрацыі», — сказаў Гасэ Кедысэнг, куратар Мэмарыяльнага музэю Хамы III.
Гэты працэс, на думку прадстаўніка музэю, паказвае годнасьць, тоеснасьць і матэрыяльную культуру, даючы магчымасьць жыхарам Батсваны расказваць сваю ўласную гісторыю на сваіх умовах праз прадметы, якія прадстаўляюць тое, кім яны былі і кім працягваюць быць.
Форум