Усясьветныя вайсковыя выдаткі ў 2025 годзе дасягнулі амаль 2,9 трыльёна даляраў, яны растуць 11-ы год запар, паведамілі 27 красавіка дасьледнікі Стакгольмскага міжнароднага інстытута дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).
Тры дзяржавы з найбольшымі тратамі — ЗША, Кітай і Расея — выдаткавалі агулам 1,48 трыльёна даляраў, што крыху больш за палову ўсясьветных выдаткаў.
Выдаткі вырасьлі на 2,9 працэнта ў параўнаньні з 2024 годам, нягледзячы на скарачэньне іх у ЗША, дзяржаве з найбуйнейшым у сьвеце вайсковым бюджэтам, гаворыцца ў дакладзе SIPRI.
Дасьледнік Лярэнца Скараццата заявіў AFP, што зьніжэньне вайсковых выдаткаў у ЗША было зь лішкам кампэнсавана іх ростам у Эўропе і Азіі, бо сьвет зазнаў «яшчэ адзін год войнаў і ўзмацненьня напружанасьці».
Скараццата сказаў, што гэта таксама адбілася на глябальнай «вайсковай нагрузцы» — доля ўсясьветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП), якая пайшла на вайсковыя выдаткі, дасягнула найвышэйшага з 2009 году ўзроўню.
«Усё сьведчыць аб тым, што сьвет пачуваецца менш бясьпечным і траціць грошы на свой вайсковы патэнцыял, каб збалянсаваць глябальную сытуацыю», — сказаў ён.
ЗША выдаткавалі 954 мільярды даляраў, што на 7,5 працэнта менш, чым у 2024 годзе, галоўным чынам таму, што новая фінансавая вайсковая дапамога Ўкраіне не была ўхваленая. Для параўнаньня, Вашынгтон вылучыў для Кіева агулам 127 мільярдаў даляраў за папярэднія тры гады.
Але чакаецца, што зьніжэньне будзе кароткачасовым, бо Кангрэс ЗША ўхваліў выдаткі ў суме больш за 1 трыльён даляраў на 2026 год, якія могуць павялічыцца да 1,5 трыльёна ў 2027 годзе, калі бюджэтная прапанова прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа будзе прынятая.
Асноўным рухавіком глябальнага росту была Эўропа, у тым ліку Расея і Ўкраіна, дзе выдаткі вырасьлі на 14 працэнтаў — да 864 мільярдаў даляраў.
«Гэта абумоўлена двума асноўнымі фактарамі. Адзін зь іх — працяглая вайна ва Ўкраіне, а другі — зьніжэньне ўзаемадзеяньня ЗША з Эўропай», — сказаў Лярэнца Скараццата.
Ён нагадаў, што ЗША «настойваюць на тым, каб Эўропа больш рупілася пра ўласную абарону».
З прычыны вайны і Расея, і Ўкраіна павялічылі свае вайсковыя выдаткі, прычым у кожнай зь іх зафіксавана найбольшая долю дзяржаўных выдаткаў, якія ідуць на войска.
Выдаткі Расеі вырасьлі на 5,9 працэнта, да 190 мільярдаў даляраў, што эквівалентна 7,5 працэнта ВУП.
Тым часам Украіна павялічыла выдаткі на 20 працэнтаў, да 84,1 мільярда даляраў — гэта 40 працэнтаў ВУП.
Беларусь надалей інтэгруецца ў расейскія вайсковыя структуры
Беларусь не ўваходзіла ў сьпіс 25 найбуйнейшых экспартэраў зброі ў сьвеце, замест гэтага яна засяродзілася на хуткім росьце імпарту і мадэрнізацыі сваіх вайсковых запасаў за кошт расейскіх паставак.
Згодна з штогадовым дакладам SIPRI за 2025 год, Беларусь усё больш інтэгруецца ў расейскія вайсковыя структуры — яна трэці паводле аб’ёмаў пакупнік расейскай зброі (6,8% расейскага экспарту ў 2021–2025 гадах) і разьмяшчае расейскую ядзерную зброю. Імпарт зброі ў Беларусь вырас на 73% (у пэрыяд 2021–2025 гадоў у параўнаньні з 2016–2020 гадамі), прычым амаль усе пастаўкі з Расеі.
На долю Беларусі прыпадала 0,9% усясьветнага імпарту зброі ў 2021–2025 гадах, прычым у буйныя закупы ўваходзілі зьнішчальнікі Су-30СМ2, гелікоптэры Мі-35М і бронетранспартэры БТР-82А.
SIPRI таксама падкрэсьліў рызыкі, зьвязаныя з разгортваньнем Расеяй ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ў рамках шырэйшых дамоўленасьцяў аб сумесным выкарыстаньні ядзернай зброі й з прычыны рэгіянальнай напружанасьці.
Такім чынам, Беларусь моцна залежыць ад Расеі ў пытаньнях абаронных закупак, прычым расейскія пастаўкі дамінуюць у імпарце, у той час як долі Ірану (0,1%) і Кітаю (<0,05%) былі мінімальнымі.
Эмбарга ЭЗ на пастаўкі зброі ў Беларусь падоўжана.
Форум