Сымбалічны «Чарнобыльскі шлях» уключаў таксама забег і роварны прабег ад помніка «Маці Чарнобылю» да плошчы імя Кудзіркі ў цэнтры Вільні. У вечаровай праграме адзначэньня сумнай даты таксама было таэтралізаванае чытаньне ўрыўкаў кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва» ў тэатры «Мроя-Хол».
Сёньня ў сьвеце адзначаюць 40 год Чарнобыльскай катастрофы. Беларусы, якія жывуць у Літве, а 12-й гадзіне сабраліся каля помніку «Маці Чарнобыля», пастаўленаму ў памяць ахвяраў катастрофы і яе ліквідатарам у гарадзкім парку Сапегаў. Вянкі і букеты кветак разам з замежнымі дыпляматамі ўсклалі на помніку таксама прадстаўнікі офісу Ціханоўскай і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
«Беларусам адразу пасьля аварыі не сказалі пра радыяцыю, калі трэба было казаць і папярэджваць. Мае сваякі, сям’я бабулі, якія жылі непадалёк ад месца аварыі, у той дзень паехалі капаць бульбу. Было 25 градусаў цяпла, людзі распрануліся, загаралі, і толькі потым стала вядома, наколькі было небясьпечна. Цяпер на месцы бабчынай вёскі расьце лес. 20% беларускіх тэрыторый, тысячы людзей пацярпелі ад Чарнобылю, мы ня можам забывацца пра такую трагедыю, каб яна не паўтарылася», — сказаў журналістам пасьля цырымоніі Алесь Бяляцкі.
Паводле праваабаронцы, рэжым Лукашэнкі працягвае палітыку затойваньня пагрозы атаму, а Беларускую АЭС пабудавалі наўмысна ўсяго за 30 кілямэтраў ад Вільні.
«Мяркую, гэта няправільна, і калі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, мы мусім вырашыць праблему, бо станцыя небясьпечная й для Вільні», — дадаў Бяляцкі.
Чарнобыльскі мітынг на плошчы імя Вінцаса Кудзіркі пачаўся пасьля таго, як на ім зьявіліся ўдзельнікі прабегу і роварнага заезду ад помніку «Маці Чарнобылю».
«Прабеглі за 17 хвілін», — расказаў удзельнік прабегу, дарадца офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. На чорнай саколцы, якую надзеў палітык, было напісана «Час мінуў — пагроза засталася».
Сярод нацыянальных беларускіх бел-чырвона-белых сьцягоў, якія былі на плошчы, вылучаўся жоўта-блакітны сьцяг Украіны ў руках ужо немаладой жанчыны. Тацяна Суркова, украінка з Сумаў, адмыслова прыйшла на беларускі «Чарнобыльскі шлях», бо «гэта адна бяда». Тацяна з прафэсіі лекарка, шмат гадоў пасьля аварыі яна лекавала ліквідатараў, ведае і выпадкі, калі дактары ўжо не маглі дапамагчы.
«Дачка маёй сяброўкі захварэла на лейкемію, а тады ў Беларусі навучыліся добра лячыць гэтую хваробу. Але тую дзяўчынку мы не ўратавалі», — з сумам расказала ўкраінка.
Паводле лічбаў ААН, з 1986 году ахвярамі Чарнобылю сталі больш за 4 тысячы чалавек, зь іх большасьць ва Ўкраіне і Беларусі.
Дэйнісу Шыманскасу 80 гадоў. Былы інжынэр згадаў, як у 1987 годзе яго выклікалі на вайсковыя зборы і адправілі пад Чарнобыль. Мужчына, які цяпер ходзіць з кійком, тады быў капітанам запасу, яго прызначылі камандзірам штабу батальёну полку грамадзянскай абароны зь Літвы.
«Тры месяцы там прабыў. Баранілі людзей і мясцовасьць ад радыяцыі», — сьцісла расказаў літовец пра свой удзел у ратавальных работах. Цяпер як ліквідатару літоўская дзяржава плаціць яму дадатак да пэнсіі — каля 150 эўра.
«Яшчэ, паводле ўзросту, маю лекі дармовыя, фактычна бясплатны праезд у гарадзкім транспарце. У матэрыяльным сэнсе ў мяне ўсё добра. А вось трывога ёсьць — дарэмна беларусы станцыю пабудавалі гэтак блізка. Дрэнна гэта», — сказаў Свабодзе Дэйніс Шыманскас.
Кіраўнік партыі «Беларускія зялёныя», былы палітвязень Зьміцер Кучук назваў падзеі ў сёньняшняй Беларусі «палітычным Чарнобылем» і заклікаў удзельнікаў мітынгу працягваць барацьбу за перамогу дэмакратыі ў Беларусі. Паводле палітыка, беларусам таксама трэба дамагацца вываду расейскай ядзернай зброі і закрыцьця АЭС у Астраўцы.
«Рэжым, пабудаваны на хлусьні і грэбаваньні інтарэсамі людзей, непазьбежна абрынецца», — запэўніў мітынгоўцаў Кучук.
На тое, што пуцінская Расея і рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваюць атамную энэргетыку для шантажу суседніх дзяржаваў зьвярнуў увагу Кястуціс Навіцкіс, былы міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы. Становішча ў Беларусі былы адказны чыноўнік уважае за расейскую акупацыю і асуджае спробы «вялікага атамнага тэрарызму».
Беларус Сяргей Суконаў прэзэнтаваў на мітынгу сваю песьню «Пакуль ня позна». У размове са Свабодай палітычны ўцякач згадаў, як на пачатку 1990-х гадоў ва ўсіх крамах прадаваліся дазімэтры, якія тады вырабляліся на «Інтэграле». Паводле Сяргея, на кароткі час у барацьбе з радыяцыяй беларуская ўлада дзейнічала разам з грамадзтвам, але «з прыходам да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе ўсё зьмянілася». У сваёй песьні беларус заклікаў да змаганьня за бязьядзерную плянэту Зямля.
Удзельнікі мітынгу на плошчы і мінакі маглі пазнаёміцца з тэкстам «Рэзалюцыі да 40-годзьдзя Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы». Сярод ейных пунктаў:
- вярнуць Беларусі бязьядзерны нэўтральны статус;
- адкрыць інфармацыю пра Астравецкую АЭС, уключна з усімі здарэньнямі на ёй і весьці публічны радыяцыйны маніторынг згодна эўрапейскіх стандартаў.
Гэта толькі два з 17 патрабаваньняў рэзалюцыі, прынятай «Альянсам „Зялёная Беларусь“, „Экадомам“, „Зялёнай сеткай“, Беларускай партыяй „Зялёныя“, а таксама іншымі пяцьцю арганізацыямі ды ініцыятывамі.
Удзельнікаў мітынгу песьнямі і творамі віталі літоўскі музыка Ігнас і беларускі этна-гурт „Ойра“, які выконвае народныя матывы і песьні, у тым ліку вёсак, адселеных праз Чарнобыль.
Форум