Пра гэта паведаміў статс-сакратар МЗС Нямеччыны Геза Андрэас фон Гайр у адказ на адзін з дэпутацкіх запытаў, даведалася агенцтва «Позірк».
«12 чэрвеня 2025 году Менскі гарвыканкам распарадзіўся неадкладна закрыць менскую сядзібу Народнага зьвязу Нямеччыны ў доглядзе за ваеннымі магіламі, спаслаўшыся на прынятую Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь пастанову ад 30 траўня 2018 году „Аб парадку адкрыцьця і спыненьня дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў замежных арганізацый і філіялаў замежных юрыдычных асоб“. Рашэньне пацягнула неадкладную забарону ўсёй дзейнасьці Менскага аддзяленьня VDK. З тых часоў, наколькі вядома фэдэральнаму ўраду, ніякіх наступных падзей адносна сытуацыі з VDK у Беларусі не было», — гаворыцца ў адказе прадстаўніка МЗС.
Таксама ў замежнапалітычным ведамстве заявілі, што падтрымліваюць шчыльную сувязь з VDK.
Нямецка-беларускае міжурадавае пагадненьне аб доглядзе за ваеннымі магіламі было падпісанае 28 чэрвеня 1996 году. Бакі кіраваліся «ўзаемным жаданьнем даць загінулым у войнах з абодвух бакоў годны апошні прытулак», усьведамленьнем таго, што «догляд магіл загінулых у войнах на нямецкай і беларускай зямлі — канкрэтная праява ўзаемаразуменьня паміж нямецкім і беларускімі народамі».
Пад загінулымі зь нямецкага боку ў пагадненьні разумеліся асобы, якія ўваходзілі ў склад нямецкіх узброеных сіл, прыраўнаваныя да іх асобы, а таксама іншыя асобы зь нямецкім грамадзянствам, памерлыя з прычыны І і І усясьветных войнаў (1914-1918 і 1939–1945 гадоў) альбо ў выніку дэпартацыі.
Загінулымі зь беларускага боку ўважаліся беларусы, якія ўваходзілі ў склад расейскіх і савецкіх узброеных сіл і загінулі на тэрыторыі Нямеччыны ў час абедзьвюх войнаў, памерлыя ў нямецкім палоне або ад яго наступстваў да 31 сакавіка 1952 году, памерлыя ў нямецкіх лягерах для інтэрнаваных з 1 верасьня 1939 году па 8 траўня 1945-га, сагнаныя ў Нямеччыну ў гэты ж пэрыяд на прымусовыя работы або якія былі там насуперак сваёй волі, утрымліваліся ў зборных лягерах пад наглядам агульнапрызнаных міжнародных арганізацый у аказаньні дапамогі ўцекачам і памерлыя там альбо пасьля пераводу ў лякарні з 9 траўня 1945 году па 30 чэрвеня 1950-га.
Выканаўцамі пагадненьня дакумэнт вызначыў Народны зьвяз Нямеччыны ў догляду за ваеннымі магіламі і Міністэрства абароны Беларусі.
Паводле зьвестак нямецкага боку, на тэрыторыі Беларусі больш за 100 могілак нямецкіх жаўнераў — удзельнікаў І усясьветнай вайны. 32 зь іх упарадкаваныя. Большасьць вядомых могілак знаходзіцца ў раёне возера Нарач, дзе ішлі жорсткія баі.
Форум