YouTube-праект «Гадзіньнічак цікае» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
Адпаведнае рашэньне было прынятае МУС 27 красавіка.
Паводле ведамства, дачыненьне да праекту маюць Арцём Шрайбман, Яўгенія Сугак, Рыгор Астапеня, Леў Львоўскі, перадае «Вясна».
Асудзілі фэрмэра з-пад Валожына
У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 33‑гадоваму Дзьмітрыю Сіліну з-пад Валожына. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу) і прысудзілі, імаверна, «хатнюю хімію». Дзьмітры Сілін — выканаўчы дырэктар сямейнай гаспадаркі «Сілін». Яе заснаваў у Рачанятах Валожынскага раёну ў канцы 1990‑х Мікалай Сілін, бацька Дзьмітрыя, паведаміла «Наша Ніва».
Facebook-старонку Статкевіча прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэньне было прынятае судом Ленінскага раёну Горадні 23 красавіка.
Таксама «экстрэмісцкі сьпіс» папоўнілі старонкі ў Facebook «Виталий Тарасов», «ByMapка», «Юрый Губарэвіч», «Беларусы ў Нямеччыне/ Belarusians in Deutschland», старонкі ў Instagram pahoniaart, miliuk29, malyavko.vladimir, Belarus Passport Center, старонкі ў TikTok «Все против Путина», «Землянин», паведамляе «Вясна».
Настаўніцу з-пад Менску асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»
Алене Аршанскай зь Менскага раёну Менскі абласны суд вынес вырак паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Алене 49 гадоў, яна мае найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, раней працавала настаўніцай-дэфэктолягам у спэцыяльнай групе інтэграванага навучаньня ясьляў-садка № 1 у Ашмянах. Пазьней пераехала жыць у вёску Старына Калодзішчанскага сельсавету побач зь Менскам.
Дакладная дата затрыманьня невядомая, але з другой паловы 2025 году Алена Аршанская нічога не пісала ў сацыяльных сетках, паведамляе «Наша Ніва». Імаверна, ёй прысудзілі «хімію» з накіраваньнем ці калёнію.
Завочна судзяць Аляксандра Зубрыка
28-гадоваму Аляксандру Зубрыку інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 («распальваньне варожасьці»), ч. 2 арт. 342 («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 370 КК («зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»).
Судовы працэс пачынаецца 27 красавіка ў Горадзенскім абласным судзе, піша «Вясна».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».