17 красавіка пайшоў з жыцьця Барыс Юрцін — архітэктар, дзякуючы якому Менск набыў статус сталіцы ляндшафтнай архітэктуры Савецкага Саюзу, паведаміў сёньня ў фэйсбуку ягоны былы калега Андрэй Каравянскі.
Менавіта пад кіраўніцтвам Юрціна стваралася Сьляпянскае водна-паркавае паўкола — непаўторны маштабны аб’ект ляндшафтнай архітэктуры, які быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Барыс Юрцін нарадзіўся ў 1932 годзе ў Чыце, у 1958-м скончыў Львоўскі політэхнічны інстытут. Пасьля працы ў праектных інстытутах Новакузьнецку і Алма-Аты ён пераехаў у Беларусь. З 1971 году архітэктар працаваў намесьнікам начальніка Галоўнай архітэктурна-плянавальнай управы Менску, а ў 1973 годзе заснаваў і ўзначаліў майстэрню ляндшафтнай архітэктуры і дызайну ў інстытуце «Менскпраект». Гэтай майстэрняй ён нязьменна кіраваў да 2005 году.
Праз рукі Юрціна прайшлі ўсе значныя ляндшафтныя праекты Менску з 1970-х да 2010-х гадоў. Сярод яго ключавых работаў — упарадкаваньне набярэжнай Сьвіслачы ў раёне вуліцы Пуліхава, Міхайлаўскі сквэр, бульвар на вуліцы Ракасоўскага, тэрыторыі каля гасьцініцы «Беларусь» і спартовага комплексу «Працоўныя рэзэрвы».
Таксама адмыслоўца распрацоўваў архітэктурна-мастацкае афармленьне станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» і кіраваў рэканструкцыяй самога парку. У 1984 годзе Юрцін атрымаў дыплём і мэдаль Саюзу архітэктараў за праект Вілейска-Менскай воднай сыстэмы, а ў 1989 годзе — Дзяржаўную прэмію за архітэктурна-ляндшафтны комплекс усходніх раёнаў гораду.
Форум