Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
У рэйтынг увайшлі 40 гарадоў Беларусі з колькасьцю насельніцтва больш за 19 тысячаў чалавек, аналіз праводзіўся па такіх паказчыках, як дэмаграфічная ўстойлівасьць, стан эканомікі, якасьць жыцьця, мясцовыя ўлады, турызм.
Паводле дасьледаваньня «лепшы горад» Беларусі сёньня — гэта месца, «куды можна перабрацца для лепшага жыцьця, калі не хочаш з’яжджаць з краіны», гэта горад з «адносна стабільным і адначасова жывым разьвіцьцём, дзе прасьцей будаваць будучыню: вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей». Таксама ў такім горадзе ёсьць «доступ да мэдычных і сацыяльных паслугаў, магчымасьць атрымліваць годны даход, празрыстасьць мясцовай улады і хаця б мінімальны ўплыў на яе рашэньні».
На першым месцы ў дасьледчыкаў апынуўся Менск. Далей ідуць Берасьце, Горадня, Смалявічы (Менская вобласьць), Віцебск.
Як зазначыў на прэзэнтацыі журналіст, былы палітвязень Яўген Меркіс, гарады, якія «раней паказвалі добрую дынаміку разьвіцьця і якасьці жыцьця» — Салігорск і Дзяржынск (Менская вобласьць, 4 і 5 месцы ў рэйтынгу 2022 году), цяпер апынуліся на 9-м і 12-м месцах адпаведна. «Катастрафічнае падзеньне» прадэманстраваў Жодзіна, які з 8-й пазыцыі апусьціўся на 26-ю.
Па паказчыку «дэмаграфічная ўстойлівасьць» першае месца занялі Смалявічы, дзе — як і ў Горадні, Берасьці і Менску — зафіксаваны рост колькасьці насельніцтва.
«Гэта адзіныя чатыры гарады Беларусі, у якіх колькасьць насельніцтва за апошнія чатыры гады вырасла, ва ўсіх астатніх беларускіх гарадах колькасьць насельніцтва падае», — паведаміў Мэркіс.
Паводле яго слоў, за гэты час горад Горкі (Магілёўская вобласьць) страціў каля 5% насельніцтва.
Адзначаецца, што беларускія гарады, акрамя страты насельніцтва, «старэюць» паводле паказчыку сярэдняга ўзросту.
«Чым больш у горадзе працаздольнага насельніцтва — тым больш дынамічна ён разьвіваецца. У Беларусі адзначаецца павелічэньне колькасьці людзей у непрадукцыйным узросьце, антылідэры тут Жодзіна, Смаргонь, Калінкавічы, Жлобін, Івацэвічы. У 18 гарадах з 40 назіраецца вельмі істотнае павелічэньне непрацаздольнага насельніцтва», — адзначыў Мэркіс.
Гаворачы аб стане эканомікі ў гарадах, ён паведаміў, што першае месца таксама было аддадзена Смалявічам, тады як паводле якасьці жыцьця (колькасьці дактароў, студэнта і інш.) вядучыя месцы займаюць Менск і абласныя цэнтры. Пры гэтым у 26 гарадах з 40 колькасьць злачынстваў за апошнія чатыры гады зьнізілася больш як на 15% паводле аналізу афіцыйнай статыстыкі.
Колькасьць дактароў за гэты час зьнізілася амаль у палове гарадоў рэйтынгу.
Экспэрты лічаць, што каталізатарамі разьвіцьця беларускіх гарадоў зьяўляюцца блізкасьць да ЭЗ (заходнія гарады Беларусі больш пасьпяховыя), эканамічная дывэрсыфікацыя і дэмаграфічная прыцягальнасьць.
Форум