Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 140 гадоў з дня нараджэньня Зьмітрака Бядулі

Зьмітрок Бядуля
Зьмітрок Бядуля

Падзеі 23 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

23 красавіка — Дзень кнігі і аўтарскіх правоў

Дзень у гісторыі

1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права і герб. Іх надаў гораду вялікі князь і кароль Стэфан Баторы.

Палац у Нясьвіжы
Палац у Нясьвіжы

1917 — спэктаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «Ў зімовы вечар» Элізы Ажэшкі ў Менску адкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі.

1924 — віленскі біскуп Юры Матулевіч выдае дэкрэт аб заснаваньні кляштару марыянаў у Друі. Беларускія каталіцкія сьвятары ўнесьлі вялікі ўклад у нацыянальнае і культурнае адраджэньне Беларусі. Ім прысьвечана кніга а. Аляксандра Надсана «Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924—1938)».

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі

1985 — савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў упершыню абвясьціў пра пачатак перабудовы — шэрагу палітычных і эканамічных рэформаў у СССР.

2007 — утвораны беларускамоўны канал спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат».

У гэты дзень нарадзіліся

1564Уільям Шэксьпір, ангельскі драматург і паэт. Памёр Шэксьпір таксама 23 красавіка, у 1616 годзе.

Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы сьмерць,
Чым занядбаных бачыць жабраваньне,
І зьдзек пустапарожнасьці цярпець,
І найчысьцейшай праўды зьневажаньне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасьці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла…
(пераклад Уладзімера Дубоўкі)

1886Зьмітрок Бядуля, паэт і празаік, клясык беларускай літаратуры.

Сьпякота або дождж, пагода — непагода, —
Ты вырваны карэнь з радзімай стараны.
Ты вырваны з гнязда — ня трэба тваёй згоды —
Пагналі бізуны.

1891 Сяргей Пракоф’еў, расейскі кампазытар.

1913 Рыгор Рэлес, пісьменьнік і паэт, пакінуў успаміны пра беларускіх габрэйскіх пісьменьнікаў. Пісаў на ідыш, на беларускую яго перакладаў Рыгор Барадулін:

Якое шчасьце — першы ўздым!
Хмурынкі — лёгкім дымам.
Вышэй, мой бусел малады,
Усё табе магчыма!

1918Аляксандра Пасьлядовiч, мастачка-графік, ілюстратарка кніг.

1934 Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, гісторык, літаратурны крытык.

Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан
Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан

1940Віктар Казько, беларускі пісьменьнік, ляўрэат прэміі Гедройця.

Віктар Казько
Віктар Казько

У памяці

1984Соф’я Друкер, опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

Соф'я Друкер, у ролі Чэсьнікавай у опэры «Страшны двор» Станіслава Манюшкі, 1952
Соф'я Друкер, у ролі Чэсьнікавай у опэры «Страшны двор» Станіслава Манюшкі, 1952

1988Аляксандра Пасьлядовiч, мастачка-графік, ілюстратарка кніг.

1991Зьміцер Касмовіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, выдавец. Памёр у Штутгарце.

2004Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт.

Мой сад у сьнезе па калена
Азяб у золь і сьнегапад...
Табе ня холадна, Алена?
Табе ня холадна, Алена?
Табе ня хочацца назад?

2007Барыс Ельцын, прэзыдэнт Расеі.

2015Алег Салтук, паэт.

Я прашу: Ты за ўсё даруй.
Разам шчасьце сустрэнем і ліха...
Белы сьнег на зялёную рунь
Асыпаецца шчодра і ціха.
Пагусьцела ў азёрах сінь.
На рабіне ў карункі касынка.
Учапіўся агрэст за тын,
Як за матчын падол хлапчынка.
Парыжэў, распранаецца дуб.
Хутка замеці аглушыць поле.
Хай сабе!
Цеплыні тваіх губ
Засталося яшчэ даволі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG