Кіраўнік славацкага ўраду Робэрт Фіца запытаў у Польшчы дазвол на пералёт у Маскву 9 траўня. Там палітык зьбіраецца ўзяць удзел ва ўрачыстым парадзе ў гонар перамогі над нацысцкай Нямеччынай у 1945 годзе.
Афіцыйная Браціслава зьвярнулася да Варшавы з просьбай дазволіць пралёт самалёта Фіца праз польскую паветраную прастору. Прадстаўнік МЗС Польшчы Мацей Вэвюр пацьвердзіў, што Варшава ўжо атрымала запыт Фіца і разглядае яго.
Вэвюр паведаміў, што ўсе дакумэнты ўжо знаходзяцца ў Варшаве.
Раней кіраўніку ўраду Славаччыны адмовілі Эстонія, Літва і Латвія. Яны так і не далі яму дазволу на выкарыстаньне паветранай прасторы для рэйсу. У гэтых краінах заяўлялі аб нязьменнай пазыцыі ў стаўленьні да падобных палётаў.
Фіца пасьля тых адмоваў адзначаў, што мае намер знайсьці альтэрнатыўны маршрут. Летась славак ужо наведваў Маскву на 9 траўня і сустракаўся з Уладзімірам Пуціным.
Кіраўніца дыпляматычнага корпусу Эўразьвязу Кая Калас папярэджвала Фіца пра шкоднасьць палёту ў Маскву на парад. Фіца ў адказ зьвінаваціў Калас ува ўмяшаньні ўва ўнутраныя справы Славаччыны і адзначыў, што гэта пытаньне «павагі гісторыі і дэмакратыі».
Фіца сыстэматычна блякуе задумы Эўразьвязу наконт дапамогі Ўкраіне, выказваецца за шчыльную супрацу з Пуціным і агулам крытыкуе эўрапейскую палітыку.
Імя Робэрта Фіца фігуравала ў апублікаваных нядаўна матэрыялах праслухоўваньня міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта з расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.
Форум