Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішняя прыма Вялікага тэатра Беларусі дапамагала рыхтаваць ляўрэатку Grammy да яе ўсясьветнага турнэ

Вялікі плякат Разаліі ў Барсэлёне перад яе канцэртам.
Вялікі плякат Разаліі ў Барсэлёне перад яе канцэртам.

Гішпанская сьпявачка Разалія (Rosalía), двухразовая ўладальніца музычнай прэміі Grammy і 11-разовая ляўрэатка лацінскай Grammy, у часе аднаго з сваіх канцэртаў у Барсэлёне з сцэны падзякавала беларускай балерыне Тацяне Ерахавец за сваю падрыхтоўку да танцавальных нумароў.

Тацяна Ерахавец апублікавала ў Instagram фрагмэнт выказваньня Разаліі і таксама падзякавала ёй за магчымасьць стаць часткай яе праекту.

«Разалія — цудоўная сьпявачка, артыстка, аўтарка песень і яшчэ лепшы чалавек. Я змагла на ўласныя вочы пераканацца ў яе велізарным таленце і тым, як старанна яна працуе і зь якой павагай і сьціпласьцю падыходзіць да ўсяго працэсу навучаньня. Я вельмі ўдзячная за тое, што ўдзельнічаю ў гэтым неверагодным праекце», — напісала Тацяна Ерахавец.

Тацяна Ерахавец — выпускніца Менскай харэаграфічнай школы, у мінулым — прыма менскага Вялікага тэатра. У 2002 годзе ў Гішпаніі яна адкрыла ўласную балетную школу.

Цяпер Разалія з канцэртаў у Барсэлёне пачала свой усясьветны тур Lux. Ёй трэба было навучыцца танцаваць для пастаноўкі пад песьню Porcelana. Пастаноўкай займаўся францускі калектыў La Horde з Марсэлю, а Тацяна Ерахавец рыхтавала да яе сьпявачку.

Разалія на канцэрце ў Барсэлёне 18 красавіка падзякавала Тацяне Ерахавец са сцэны за дапамогу ў асваеньні «складанай і неймаверна прыгожай дысцыпліны». «Я хачу падзякаваць усім вам, хто быў маімі настаўнікамі», — сказала яна.

Разалія — усясьветна вядомая гішпанска-каталёнская сьпявачка, якая выконвае і сама піша песьні, у якіх пасьпяхова спалучае фляменка з альтэрнатыўнымі жанрамі.

Прэмію Grammy яна атрымала за альбомы «Motomami», зроблены ў 2023 годзе, і «El Mal Querer» — у 2020 годзе. Лацінскую прэмію Grammy яна атрымлівала кожны год, пачынаючы з 2018 году.

У лістападзе 2025 году Разалія выдала свой чацьвёрты студыйны альбом Lux, які яна запісала з London Symphony Orchestra. Крытыкі назвалі яго сьмелым расшырэньнем межаў поп-музыкі і прызналі яго адным з самых амбіцыйных праектаў 2025 году. Цяпер з гэтым альбомам сьпявачка адправілася ва ўсясьветнае турнэ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG