У выніку супольнай працы былі сабраныя і перададзеныя ўкраінскім уладам зьвесткі пра 45 дзяцей, якія павінны дапамагчы ў далейшых расьсьледаваньнях. У мерапрыемстве, якое адбылося ў Гаазе, узялі ўдзел 40 экспэртаў з 18 краінаў сьвету, а таксама прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда і шэрагу недзяржаўных арганізацый.
Экспэрты падрыхтавалі 45 справаздачаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра магчымыя месцы знаходжаньня дзяцей і абставіны іх перамяшчэньня. Сярод выяўленых дадзеных: маршруты транспартаваньня падчас прымусовага вывазу; асобы, якія маглі спрыяць дэпартацыі, у тым ліку кіраўнікі дзіцячых устаноў; вайсковыя падразьдзяленьні, задзейнічаныя ў вывазе дзяцей; людзі, якія прымалі дэпартаваных дзяцей; лягеры і ўстановы, куды дзяцей дастаўлялі; інтэрнэт-плятформы з фатаздымкамі дзяцей, якія маглі быць вывезеныя.
У Эўраполе адзначылі, што прымусовае перамяшчэньне або дэпартацыя дзяцей можа разглядацца як ваеннае злачынства паводле міжнароднага права.
Паводле даных украінскіх уладаў, з акупаваных тэрыторый былі прымусова вывезеныя больш за 19 500 дзяцей у Расею і Беларусь. Частка з іх была ўсыноўленая расейскімі сем’ямі, іншыя знаходзяцца ў так званых «лягерах перавыхаваньня» або псыхіятрычных установах.
Эўрапол — гэта агенцтва Эўрапейскага Зьвязу, якое дапамагае краінам ЭЗ змагацца з міжнароднай злачыннасьцю і тэрарызмам.
Форум